Качыньскі: праблемы Беларусі трэба абмяркоўваць з Расіяй

28.06.2010 14:26
Архив Редакция

Кандыдат у прэзідэнты Польшчы ад кансерватыўнай партыі "Права і справядлівасць" Яраслаў Качыньскі падчас тэледэбатаў са сваім супернікам ад партыі "Грамадзянская платформа" Браніславам Камароўскім выказаўся за тое, каб пачаць абмяркоўваць з Расіяй парушэнне правоў чалавека ў Беларусі.

«Гэта пытанне, якое было б нядрэнна падняць на перамовах з Расіяй», — заявіў Яраслаў Качыньскі і дадаў, што калі ён пераможа на выбарах і прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў прыедзе ў Польшчу, то яны абавязкова абмяркуюць праблему Беларусі, паведамляе руская служба BBC.

У той жа час Браніслаў Камароўскі лічыць такую гутарку бессэнсоўнай. «Гэта неверагодная палітычная ідэя — абмяркоўваць Беларусь з Масквой», — заявіў ён. «Я абсалютна супраць, гэта супярэчыць нацыянальным інтарэсам Польшчы і ў плане развіцця міжнародных адносінаў гэта таксама непрымальна», — адзначыў кандыдат ад «Грамадзянскай платформы». — Гэта ўсё роўна як калі б беларусы абмяркоўвалі становішча спраў у Польшчы з Расіяй ці Берлінам».

Браніслаў Камароўскі лічыць, што Польшча павінна весці перамовы напрамую з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Паводле сацыялягічнага апытання тэлеканала TVN24, перамогу ў дэбатах атрымаў Браніслаў Камароўскі. Ён жа перамог у першым туры выбараў 20 чэрвеня, абагнаўшы свайго галоўнага канкурэнта 4,5%.

Як раней паведамляў Тэлеграф, асноўныя рознагалоссі паміж Беларуссю і Польшчай тычацца дзейнасці ў нашай краіне Саюза Палякаў на Беларусі, які раскалоўся ў 2005 годзе. У выніку адна яго частка прызнаная беларускімі ўладамі, другая — польскімі.

Как вам новость?
Головоломки