Калякін: ЦВК не рэагуе на парушэнні ініцыятыўнай групы Лукашэнкі

19.10.2010 16:57
Архив Редакция

Каардынатар кампаніі "За справядлівыя выбары", лідар Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін 19 кастрычніка заявіў, што Цэнтрвыбаркам выкарыстоўвае розныя падыходы да прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. На думку палітыка, ЦВК не рэагуе на парушэнні прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі, аднак выносіць папярэджанні ініцыятыўным групам іншых кандыдатаў.

Сяргей Калякін нагадаў, што 14 кастрычніка Цэнтрвыбаркам вынес папярэджанне ініцыятыўнай групе лідара кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева. «Аднак да нас паступаюць звароты грамадзян, якія паказваюць на парушэнні заканадаўства з боку ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі», — сказаў палітык, перадае БелаПАН.

У прыватнасці, як сказаў лідар «левых», 6 кастрычніка ў Магілёве на пляцоўцы перад абласным лячэбна-дыягнастычным цэнтрам праводзіўся збор подпісаў асобамі, якія не з’яўляюцца членамі ініцыятыўнай групы Лукашэнкі. У гэты ж дзень збор подпісаў за вылучэнне Лукашэнкі таксама не членамі ініцыятыўных груп здзяйсняўся ў некалькіх месцах у Мінску.

Палітык паведаміў таксама аб фактах ўдзелу адміністрацый розных устаноў у зборы подпісаў. У прыватнасці, па словах Сяргея Калякіна, 4 і 5 кастрычніка ў галоўным корпусе Беларускага ўніверсітэта транспарту ў Гомелі подпісы сярод студэнтаў збірала асабіста прарэктарка па выхаваўчай працы Галіна Чаянкова.

Сяргей Калякін дадаў, што паведамленні аб парушэннях «паступаюць з розных рэгіёнаў, што сведчыць аб іх маштабным характары».

Как вам новость?
Головоломки