Калякін: датэрміновыя выбары паказалі б нервовасць Лукашэнкі

08.09.2010 15:20
Архив Редакция

Правядзенне датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў не ўпісваецца ў логіку падрыхтоўкі да іх прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, лічыць старшыня Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін. Па яго словах, калі б парламент Беларусі прызначыў дату выбараў на пазачарговай сесіі, гэта б паказала, што дзейны прэзідэнт нервуецца.

Лідар «Справядлівага свету» распавёў, што ён і не чакаў аб’явы датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў, бо прэзідэнту «няма куды спяшацца», перадае «Заўтра тваёй краіны». «У нас у краіне» ўсё добра, усё ідзе па плане». Улады заканчваюць гэтую пяцігодку, рыхтуюцца да старту новай. Яны палепшылі падатковую сістэму, паказалі людзям, што ў наступным годзе падвысяць зарплату на 35%», — растлумачыў Сяргей Калякін.

«Дата выбараў будзе аб’яўлена ў прамежку паміж 5 і 7 кастрычніка, — лічыць Сяргей Калякін. — І пройдуць яны ў лютым, як пра гэта ўжо казалася. Усё ідзе па плане, без спешкі. Гэта апазіцыі было б лепей, каб выбары адбыліся да Новага года, чым весці кампанію ў перыяд калядных і навагодніх святаў».

Як раней перадаваў Тэлеграф, беларускі аналітык Андрэй Ляховіч таксама лічыць, што беларускія ўлады цалкам могуць «дацягнуць да дедлайну». «Тут вось якое меркаванне: чарада навагодніх святаў выключыць народ з палітыкі, і апазіцыі яшчэ цяжэй стане мабілізаваць электарат. Ды і не дужа пастаіш на плошчы ў лютаўскую сцюжу!», — адзначае Андрэй Ляховіч.

У той жа час, эксперт аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Валеры Карбалевіч лічыць, што цяперашняя пазачарговая сесія парламенту была прызначаная «абсалютна штучна», з мэтай прызначыць дату выбараў, проста цяпер улада знаходзіцца ў некаторай збянтэжаннасці праз «інфармацыйную вайну», што разгарнулася ў краіне.

Разам з тым, паводле беларускага заканадаўства, прэзідэнцкія выбары прызначаюцца не пазней за пяць месяцаў да заканчэння паўнамоцтваў дзейнага кіраўніка дзяржавы, а праводзяцца не пазней як праз два месяцы. Такім чынам, цяперашнія выбары павінны быць праведзены не пазней за 6 лютага 2011 года.

Как вам новость?