Калякін назваў самыя папулярныя спосабы фальсіфікацыі выбараў

02.11.2010 13:54
Архив

Каардынатар кампаніі "За справядлівыя выбары 2010", старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін прааналізаваў магчымыя шляхі фальсіфікацыі вынікаў галасавання на будучых прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Па словах апазіцыйнага палітыка, ёсць чатыры самыя распаўсюджаныя варыянтыу

«Па-першае, ўкід бюлетэняў на выбарчых участках у дзень галасавання, што не так і проста зрабіць у прысутнасці многіх людзей. Гэты шлях фальсіфікацыі лягчэй за ўсё прадухіліць, узяўшы скрыню пад кантроль», — адзначае Сяргей Калякін, перадае «Заўтра тваёй краіны».

Другі шлях, па меркаванні лідара «левых», — гэта ўкід бюлетэняў пры галасаванні па-за выбарчымі ўчасткамі. «Ён патрабуе ад фальсіфікатараў задзейнічаць многіх людзей. Урны не вельмі вялікія па аб’ёме, і нават калі набіваць поўную скрыню, гэты шлях можа быць пракантраляваны, што мы і будзем рабіць шляхам суправаджэння асоб, якія ідуць на дом да грамадзянам або ў іншае месца па-за ўчасткамі для галасавання», — кажа палітык.

Па словах Сяргея Калякіна, найбольш папулярны ў фальсіфікатараў трэці варыянт — укід бюлетэняў у скрыні падчас датэрміновага галасавання. «У такім выпадку спрацоўваюць два фактары: стымулюецца датэрміновае галасаванне сярод грамадзян пэўных катэгорый — студэнтаў, вайскоўцаў, проста на прадпрыемствах, калі людзей прывозяць на ўчасткі, а за дзень-два да галасавання адбываецца падмена бюлетэняў у урнах», — растлумачыў Сяргей Калякін.

«Мы сёння маем красамоўнае пацверджанне прымянення гэтага спосабу ў выглядзе заявы падпалкоўніка міліцыі Мікалая Казлова, які ў 2008 годзе на выбарчым участку № 43 Старавіленскай выбарчай акругі № 105 зафіксаваў падобны факт, падаў адпаведны рапарт начальніка Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама. Прайшло два гады, але ніхто не прымае ніякіх мераў», — дадаў каардынатар кампаніі.

Чацверты шлях фальсіфікацый, па словах Сяргея Калякіна, выглядае наступным чынам. «Гэта калі старшыня камісіі аб’яўляе загадзя даведзеныя да яго лічбы вынікаў галасавання без усякага ўліку і адпаведнасці таго, што знаходзіцца ў выбарчых урнах. Вырабляюцца два камплекты бюлетэняў. Частка з іх захоўваецца ў асобным пакоі. А другая — фактычная — складаецца ў зусім іншым месцы. І нават патрабаванне пераліку галасоў, нічога ў гэтым выпадку не дасць», — сцвярджае лідар «Справядлівага свету».

Каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары 2010» падкрэслівае, што дасведчанасць аб механізмах фальсіфікацыі дазволіць прадпрымаць адэкватныя дзеянні, каб іх прадухіліць.