Калякін: выбараў у Беларусі ў нармальным разуменні няма

28.04.2010 14:46
Архив Редакция

Афіцыйныя вынікі мясцовых выбараў не адпавядаюць волевыяўленню грамадзян. Такое меркаванне выказаў 27 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску лідар Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін. "На жаль, нашыя прагнозы і высновы аб тым, што выбараў у Беларусі ў звычайным разуменні няма, пацвердзіліся", — заявіў палітык.

На думку Сяргея Калякіна, улады зрабілі ўсё, каб дэмакратычныя арганізацыі не ўдзельнічалі ў выбарах. «У цэлым ад дэмакратычных сіл збіраліся балатавацца больш за 2,5 тыс. чалавек, аднак кандыдатамі ў дэпутаты было зарэгістравана толькі 500. Не таму, што ім адмовілі ў рэгістрацыі, а праз пагрозы і ціск з боку ўладаў», — прыводзіць словы палітыка БелаПАН.

Лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» лічыць не адпаведным рэчаіснасці афіцыйна абвешчаны ўзровень яўкі выбаршчыкаў: «Яўка ў лепшым выпадку па краіне не нашмат перавысіла 50%, а ў буйных гарадах яна была яшчэ меншай — 30-35%».

Па словах Сяргея Калякіна, улады свядома завышалі адсотак тых, хто прагаласаваў. Ён паведаміў, што на ўчастку № 29 Пляханаўскай выбарчай акругі № 10 у Мінску назіральнікі бачылі, як член выбарчай камісіі сам апускаў бюлетэні ў скрыню для галасавання.

«Такой колькасці крытыкі і лаянкі, колькі гучала ў адрас улады падчас мясцовых выбараў, ніколі не было», — заявіў палітык.

Как вам новость?
Головоломки