Калюжны: з Расіяй гулялі на максімуме сваіх магчымасцяў

14.05.2010 16:07
Архив Редакция

Зборная Беларусі па хакеі 14 траўня правядзе першы матч другога этапу на чэмпіянаце свету ў Нямеччыне. Пра перыпетыі папярэдняга раўнду і некаторых нюансах будучыні па сканчэнні прайгранага матчу супраць расійцаў (1:3) афіцыйнаму сайту КХЛ распавёў лідар беларускай каманды Аляксей Калюжны.

— Што не атрымалася ўвасобіць з падрыхтаванага на гульню плану і ці стала менавіта гэта прычынай сённяшняй паразы? 
— Зразумела, што з такой камандай, як расійская, можна мець шанец на поспех пры ўмове мінімальнай колькасці ўласных памылак. Узровень майстэрства гульцоў зборнай Расіі дазваляе ці не кожную недакладнасць суперніка ператварыць у гол. Уласна, сёння так і адбылося — некалькі памылак плюс выдаленні прывялі да таго, што супернік закінуў шайбы і атрымаў перавагу. Нам, вядома, ўдалося навязаць добрую барацьбу, згуляць у вязкі хакей, каб не даць ім прасторы. Быў, на жаль, правал у нашай гульні ў другім перыядзе, пасля якога, з ліку 0:3, адыграцца было вельмі складана.
— Зараз вашымі супернікамі будуць Фінляндыя, Данія і Нямеччына. Ведаеце, што ўяўляюць сабою гэтыя каманды? 
— Бачыў толькі матч адкрыцця паміж немцамі і амерыканцамі. Пра астатнія ведаю толькі па водгуках відавочцаў — паглядзець гульні не атрымалася. Нямеччына — гаспадары чэмпіянату, гэта дае ім некаторую перавагу. Датчане наогул здзівілі стабільнай і пісьменнай гульнёй. З фінамі ясна — яны з’яўляюцца адной з наймоцнейшых камандаў свету. Відавочна, што знаходзімся ў такім становішчы, што павінны выйграваць, каб выйсці ў чвэрцьфінал.
— Ці сачылі ў вашай камандзе за тым, як развіваюцца падзеі ў энхаэлаўскай кубкавай серыі паміж «Піцбургам» і «Манрэалем»? За «Канадыенс» жа гуляюць вашы суайчыннікі браты Касціцыны. 
— Вядома, сачылі. Яшчэ калі «Манрэаль» прайграваў у серыі першага раўнду з «Вашынгтонам» 1-3, у нас была нагода спадзявацца, што хлопцы неўзабаве да нас далучацца. Не буду хаваць — іх прыезд стаў бы для зборнай добрай падмогай. Але «Манрэаль» выцягнуў тую серыю, а цяпер яшчэ і дзейснага ўладальніка Кубку Стэнлі перагуляў. Мы радыя і ганарымся за хлопцаў — яны ў фінале канферэнцыі, для іх кар’еры гэта сур’ёзны крок.
— Вы апошнія два сезоны выступалі ў маскоўскім «Дынама». Цяпер, як вядома, паўстаў новы дынамаўскі клуб. Ці не ў ім вы працягнеце сваю кар’еру?
 
— Не ведаю, што будзе далей. Ніякай цікавасці да мяне Аб’яднаны клуб не выяўляў, кантактаў ні з кім з новых кіраўнікоў «Дынама» не меў.
— Ваш партнёр брамнік Андрэй Мезін нядаўна выказаўся ў тым сэнсе, што калі на штосьці разлічваць тут, то трэба абгуляць Расію… 
— Правільна. Удалая гульня з расійцамі магла прынесці нам вынік. Але сітуацыя склалася так, што мы гуляем, як дазваляе супернік. Калі б, напрыклад, сёння быў не іхні дзень, у нас з’явіліся б добрыя шанцы. Але выйшла інакш. Мы паказалі практычна ўсё, на што здольная цяпер наша каманда.
— У беларускай зборнай чарговы раз працуе новы трэнерскі штаб. Як складаецца ўзаемадзеянне трэнераў з камандай? 
— Ды не варта казаць, што гэта новыя трэнеры — яны і раней працавалі са зборнай, напрыклад, з Хэнланам на леташнім сусветным першынстве ў Швейцарыі. Гэта добра знаёмыя гульцам людзі, напружанасці ў адносінах з імі няма. Але ўсё адно мне здаецца: калі ў кожным з чатырох апошніх буйных турніраў у зборнай новы галоўны трэнер — на карысць камандзе гэта наўрад ці ідзе.

Как вам новость?