Калінкіна: тэледэбаты павінны быць абавязковымі для ўсіх кандыдатаў

06.10.2010 13:11
Архив Редакция

Шэф-рэдактарка газеты "Народная воля" Святлана Калінкіна лічыць, што тэледэбаты, якія арганізуюцца для кандыдатаў у прэзідэнты, павінны быць абавязковымі для ўсіх, у тым ліку і для дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Святлана Калінкіна ўпэўненая, што апазіцыйныя кандыдаты "павінны дамагацца непасрэднай гутаркі са сваім галоўным супернікам".

«Як я разумею, у гэтых дэбатах не збіраецца ўдзельнічаць Аляксандр Лукашэнка, таму фактычна падчас іх сустрэнуцца апазіцыянеры, калі будзе некалькі такіх кандыдатаў, або апазіцыянеры і другарадныя кандыдаты», — адзначыла Святлана Калінкіна.

У сувязі з гэтым эксперт лічыць, што кандыдатам «неабходна максімальна выкарыстоўваць эфірны час не для барацьбы адзін з адным, а менавіта для тлумачэння насельніцтву, чаму ўсе яны супраць таго, што сёння існуе ў Беларусі», паведамляе «Заўтра тваёй краіны«.

Калінкіна: тэледэбаты павінны праходзіць у прамым эфіры

Разам з тым, Святлана Калінкіна перакананая, што галоўнай умовай правядзення тэледэбатаў павінен стаць прамы эфір. «Калі дэбаты пройдуць у запісе, фармальна лібералізуючы заканадаўства аб выбарах, улады нічым не рызыкуюць», — лічыць эксперт.

У сваю чаргу беларускі палітолаг Аляксандр Класкоўскі перакананы, што беларускія ўлады будуць падаваць тэледэбаты як прарыў у плане дэмакратызацыі выбарчай кампаніі. «Беларускія ўлады зараз зацікаўлены паказаць Еўропе, ды і Расіі, якая таксама намякае на магчымасць непрызнання выбараў, што ў нас тут бязмежны разгул дэмакратыі», — заявіў эксперт.

На думку палітолага, у зарэгістраваных кандыдатаў не будзе выбару — яны будуць вымушаныя ўдзельнічаць у тэледэбатах. «Адмовіўшыся, яны паставяць сябе ў загадзя пройгрышнае становішча, паколькі афіцыйная прапаганда адразу ж заявіць, што апанентам улады проста няма чаго сказаць, ці яны спасавалі, хаця столькі гадоў заяўлялі аб адсутнасці ў іх трыбуны», — растлумачыў эксперт.

Класкоўскі: адмова Лукашэнкі ад удзелу ў дэбатах — мінус для апазіцыі

Акрамя таго, Аляксандр Класкоўскі таксама лічыць, што адмова ад удзелу ў дэбатах дзейнага прэзідэнта стане мінусам для яго апанентаў. «Па-першае, чыста паліттэхналагічна той прэтэндэнт, які мае найвышэйшы рэйтынг, як правіла, ад дэбатаў не выйграе, нават калі ён выступае ярка і ўдала. Наадварот, ён выконвае ролю лакаматыва і нехаця павышае рэйтынг сваіх супернікаў, — растлумачыў аналітык. — Па-другое, дзейны лідар за многія гады ўжо адвык ад адкрытай палемікі, звычайна ён выступае ў рэжыме маналогу. І ў такіх дэбатах афіцыйны беларускі лідар можа выглядаць не самым удалым чынам».

У той жа час для апазіцыі, па словах Аляксандра Класкоўскага, важнае пытанне ўзгодненай тактыкі і рэжысуры ўдзелу ў дэбатах. «Важна, каб тэледэбаты не ператварыліся ва «ўзаемнае мачылава», паколькі раздробленасць апазіцыі і жаданне пазіцыянавацца за кошт навешвання цэтлікаў на іншага кандыдата можа зноў вылезці бокам», — адзначыў палітолаг.

Па словах эксперта, публічныя «разборкі» апазіцыі будуць толькі на руку ўладзе, бо, дыскрэдытуючы адзін аднаго, апазіцыянеры палегчаць працу афіцыйнай прапагандзе. «На гэтым фоне яшчэ больш велічнай будзе выглядаць постаць дзейнага кіраўніка», — заявіў Аляксандр Класкоўскі.

Як раней перадаваў Тэлеграф, у гэтым годзе ўпершыню ў гісторыі Беларусі на тэлеканалах Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі будуць арганізаваны тэледэбаты для кандыдатаў у прэзідэнты. Як паведаміў першы намеснік старшыні НДТРК Аляксандр Саламаха, у цяперашні час распрацоўваецца парадак іх правядзення, «каб дыскусія праходзіла на годным узроўні».

Как вам новость?