Камісія Мытнага саюза хоча знізіць імпартныя пошліны на прадукты

27.09.2010 14:12
Архив Редакция

Камісія Мытнага саюза ў найбліжэйшы час плануе разгледзець пытанне аб часовым зніжэнні імпартных мытных пошлінаў на асноўныя харчовыя тавары для Беларусі, Казахстана і Расіі. Пра гэта 27 верасня паведаміла міністр эканамічнага развіцця і гандлю Казахстана Жанар Айтжанава.

«У дадзены час адпрацоўваецца спіс тых відаў прадукцыі, па якіх ёсць вялікая імпартазалежнасць трох краін», — сказала міністр. Паводле яе слоў, пасяджэнне камісіі павінна прайсці ў сярэдзіне кастрычніка, перадае ІТАР-ТАСС.

Між тым у Казахстане па-ранейшаму растуць цэны на муку, алей і грэцкія крупы. Так, алей падаражэў больш чым на 10%. Па словах міністра, гэта адбылося праз неспрыяльныя ўмовы надвор’я, а таксама праз узрослы аб’ём экспарту.

Акрамя таго, Жанар Айтжанава выказала асцярогу, што зніжэнне валавых збораў алейных культур у асноўных краінах-экспарцёрах (у тым ліку ў Расіі і Украіне) можа стаць перадумовай для яшчэ большага адтоку сыравіны. Гэта, у сваю чаргу, можа прывесці да дэфіцыту на ўнутраным рынку і далейшага росту коштаў на прадукцыю. Калі гэта адбудзецца, лічыць міністр эканамічнага развіцця і гандлю Казахстана, краіне давядзецца выкарыстаць дзяржаўны рэзерв сланечнікавага алею.

Разам з тым, кошт грэчневых крупаў, па словах міністра, падвысіўся за апошні месяц на 50%. «У той жа час, спажыванне грэчкі ў Казахстане не з’яўляецца высокім. Яно складае каля 11 тыс. тон пры максімальнай норме спажывання ў 32 тыс. тон», — патлумачыла Жанар Айтжанава.

Міністр паведаміла, што ў цяперашні час у міністэрстве эканамічнага развіцця і гандлю Казахстана сумесна з міністэрствам сельскай гаспадаркі распрацоўваюць праекты ўрадавых рашэнняў, якімі прадугледжваецца ўвядзенне экспартных пошлін на насенне алейных культур на пастаяннай аснове.

Таксама плануецца ўвесці часовую забарону на вываз усіх відаў алею і насення алейных культур (за выключэннем лёну і рапсу) і грэчкі. Адпаведныя праекты рашэнняў урад Казахстана плануе разгледзець на гэтым тыдні.

Как вам новость?
Головоломки