Камісія па ўрэгуляванні дзейнасці СПБ пачне працу дзявятага сакавіка

05.03.2010 09:24
Архив Редакция

Намеснік старшыні ГА "Саюз палякаў на Беларусі" (СПБ) Алена Богдан паведаміла, што беларуска-польская камісія па праверцы дзейнасці Саюза палякаў на Беларусі пачне працу дзявятага сакавіка. "Мы жадаем, каб была дадзена аб'ектыўная адзнака дзейнасці нашага грамадскага аб'яднання, таму свядома ідзём на такі ўсебаковы аўдыт нашай статутнай і гаспадарчай дзейнасці", — адзначыла намглавы СПБ.

“Хай міжнародная камісія праверыць факты ўшчамлення правоў палякаў, якія нібы маюць месца ў Беларусі. Мы гатовыя падаць любыя дакументы для праверкі, наш Саюз — адкрытая структура”, — падкрэсліла Алена Богдан.

У сваю чаргу, старшыня Саюза Станіслаў Сямашка падкрэсліў, што як кіраўнік ён мае намер хуткім часам актывізаваць дзейнасць Саюза палякаў у рамках статуту арганізацыі і беларускага заканадаўства, паведамляе БелТА.

Станіслаў Сямашка паабяцаў адрадзіць дзейнасць раённых філіялаў арганізацыі і ў якасці прыкладу прывёў Лідскі аддзел. “Будзе абнаўляцца газета «Голас над Нёманам» і інтэрнэт-старонкі арганізацыі. У газеце ў хуткай будучыні па шматлікіх просьбах саміх палякаў з’явіцца ўкладыш на рускай мове, а на сайце адкрыецца блог”, — падкрэсліў кіраўнік Саюза.

«Наш Саюз адкрыты для ўсіх, не толькі для палякаў. Сфера нашай дзейнасці ляжыць далёка ад палітыкі, і мы будзем імкнуцца трымацца ад яе далей. Думаю, што час прымусіць разумных людзей правільна думаць. Толькі шляхам перамоў мы зможам прыйсці да згоды», — заявіў Станіслаў Сямашка.

Дамоўленасць пра стварэнне экспертнай камісіі па ўрэгуляванні дзейнасці СПБ была дасягнута паміж міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім і прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам падчас сустрэчы ў Кіеве 25 лютага.
 

Как вам новость?
Головоломки