Камунальнікі могуць пазбавіць БНФ рэгістрацыі

10.01.2011 12:00
Архив Редакция

У цэнтральны офіс Партыі БНФ, размешчаны ў Мінску па адрасе Машэрава, 8, паступіў ліст з ЖРЭА Савецкага раёна з патрабаваннем пакінуць памяшканне па заканчэнні тэрміну яго арэнды. Як паведаміў карэспандэнту Тэлеграфа сакратар ПБНФ па працы цэнтральнай сядзібы Сяргей Семянюк, высяленне можа стаць прычынай спынення рэгістрацыі партыі міністэрствам юстыцыі.

Палітык заявіў, што гэта можа адбыцца з прычыны неабходнасці пераафармляць усе дакументы партыі. Сяргей Семянюк адзначыў, што ва ўказаным памяшканні акрамя галоўнага офіса ПБНФ зарэгістраваны таксама мінскае аддзяленне партыі і грамадскае аб’яднанне «БНФ Адраджэнне». Паводле яго слоў, тэрмін арэнды офіса мінае 1 красавіка 2011 года.

У ЖРЭА прычынай высялення БНФ з цэнтральнага офіса назвалі ўзнікалую на працягу трох месяцаў 2010 года запазычанасці па аплаце арэнды. Камунальнікі таксама паведамілі, што не збіраюцца заключаць новыя дамовы арэнды.

Між тым у ПБНФ лічаць названую прычыну надуманай. Як адзначылі ў партыі, максімальная пратэрміноўка аплаты ў 2010 годзе склала тры дні, на дадзены жа момант ніякіх запазычанасцяў няма. «Пры гэтым ужо амаль два гады ГА «БНФ Адраджэньне» пазбаўлена магчымасці, у адрозненне ад многіх праўладных грамадскіх арганізацый, карыстацца паніжальным каэфіцыентам, і вымушана аплачваць арэнду па вельмі высокім камерцыйных цэнах», — заявілі ў Партыі БНФ.

Кіраўніцтва ПБНФ лічыць, што спроба ўладаў выселіць партыю з цэнтральнага офіса выкліканая «хваляй салідарнасці з затрыманымі 19 снежня і ў наступныя дні грамадзянамі». «Як вядома, цэнтрам для добраахвотнікаў і незалежных ініцыятываў салідарнасці стала сядзіба Партыі БНФ. Менавіта тут працаваў і працягвае працу цэнтр незалежнай грамадскай ініцыятывы па дапамозе пацярпелым, тут збіраюцца рэчы, тут фармуюцца перадачы затрыманым», — адзначылі ў ПБНФ.

У БНФ назвалі ліст ЖРЭА формай палітычнага ціску як на партыю асобна, так і на ўсё незалежнае беларускае грамадства ў цэлым. Кіраўніцтва ПБНФ заклікала грамадзян накіроўваць у Мінскі гарвыканкам лісты з патрабаваннем спыніць высяленне.

Як раней паведамляў Тэлеграф, 20 снежня міністр юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў заявіў, што палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні краіны могуць  пазбавіць рэгістрацыі ў выпадку, калі на пасяджэнні іх вышэйшых органаў прымаліся рашэнні аб удзеле ў несанкцыянаваных акцыях і масавых беспарадках 19 снежня. Аднак 23 снежня стала вядома, што органы кіравання партый не прымалі рашэнняў аб тым, што партыі будуць удзельнічаць у дэманстрацыях пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Как вам новость?
Головоломки