Кандыдат у прэзідэнты ад АГП абяцае знізіць падаткі і стварыць працоўныя месцы

31.05.2010 16:37
Архив Редакция

31 траўня адбылося афіцыйнае вылучэньне Яраслава Раманчука кандыдатам у прэзідэнты Беларусі ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі. На прэс-канферэнцыі ў Мінску палітык агучыў асноўныя палажэнні сваёй праграмы "Мільён працоўных месцаў для Беларусі". Фотарэпартаж аб прэзентацыі можна паглядзець на Telegraf.by

Праграма «Мільён працоўных месцаў для Беларусі», на якой будзе грунтавацца перадвыбарная платформа Яраслава Раманчука, разлічана на 2011-2013 гады. Таксама быў апублікаваны перадвыбарчы слоган АГП: «Створым новае. Захаваем лепшае», які таксама прапанаваны ў якасці беларускай нацыянальнай ідэі.

У выпадку абрання Яраслава Раманчука прэзідэнтам Беларусі, прэм’ер-міністрам краіны стане старшыня АГП Анатоль Лябедзька. Яраслаў Раманчук аб’явіў, што ў яго каманду таксама ўваходзяць Станіслаў Багданкевіч, Леанід Заіка, Аляксандр Сасноў, Васіль Шлындзікаў, Міхаіл Чыгір, Леў Марголін, Васіль Старавойтаў, Зінаіда Бандарэнка, Сяргей Альфер, Валянціна Палевікова і іншыя эксперты.

Па словах кандыдата ў прэзідэнты ад АГП, у цэнтр ўсёй эканамічнай і сацыяльнай палітыкі будуць пастаўленыя працоўныя месцы. «Для дынамічнага развіцця рынку працы неабходная паўнавартасная лібералізацыя умоваў ўваходу на рынак, выхаду з яго і працы на ім», — гаворыцца ў праграме.

«З існуючых сёння 4,6 млн. працоўных месцаў 1,4 млн. месцаў знаходзіцца ў зоне рызыкі. Своечасова прынятыя рашэнні па трансфармацыі рынку працы дазваляюць захаваць паўмільёна гэтых працоўных месцаў. У выніку застанецца 3,7 млн. наяўных сёння працоўных месцаў. Сумарна індывідуальныя прадпрымальнікі, малы бізнэс, замежныя інвестары, уключаючы ТНК, а таксама буйныя рэструктураваныя прадпрыемствы на працягу трох гадоў з моманту рэалізацыі дадзенай праграмы створаць адзін мільён новых працоўных месцаў «, — лічыць Яраслаў Раманчук.

У выпадку паспяховай рэалізацыі праграмы, мяркуецца, што агульная колькасць рабочай сілы вырасце да 4,7 млн. працоўных месцаў. Зменіцца яе структура па сектарах эканомікі. Пры нязначным скарачэнні занятасці ў сельскай гаспадарцы будзе ажыццяўляцца ператок рабочай сілы з прамысловасці ў сектар паслуг.

Сярод палажэнняў праграмы «Мільён працоўных месцаў для Беларусі» агучаны павышэнне дапамогі па беспрацоўі да 120 даляраў у месяц, аднаразовая дапамога 500 даляраў пры пераездзе на працу з монагарада, зніжэнне стаўкі ПДВ і падатку на зарплату да 15%. Метады фінансавання такіх дарагіх праектаў распісваюцца, аднак застаюцца крыху туманнымі.

Праграма тычыцца не толькі пытанняў эканомікі. Яраслаў Раманчук, у прыватнасці, прапаноўвае адмяніць размеркаванне студэнтаў, даць кожнаму правайдару купляць міжнародны трафік на знешніх рынках без пасярэдніцтва «Белтэлекаму», а таксама даць аўтаномію універсітэтам.

На пытанне карэспандэнта Telegraf.by пра лёс будаўніцтва АЭС у Беларусі патэнцыйны прэм’ер-міністр адказаў так: «Гэтае пытанне здымаецца, пакуль не будзе забяспечаны эфектыўны грамадзянскі кантроль над гэтым праектам».

Анатоль Лябедзька заявіў, што ён асабіста з’яўляўся ініцыятарам вылучэньня на пасаду прэзідэнта ад АГП Яраслава Раманчука. «Крызіс — гэта моцны саюзнік апазіцыі. Сёння мы ўлічваем сітуацыю крызісу як вельмі важную прычыну для перамогі», — заявіў Анатоль Лябедзька. На думку палітыка, Яраслаў Раманчук зможа дзейнічаць ва ўмовах крызісу максімальна эфектыўна.

Как вам новость?
Головоломки