Кастусёў апублікаваў перадвыбарную праграму

30.11.2010 15:51
Архив

Кандыдат у прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў апублікаваў сваю перадвыбарчую праграму. «Нацыянальныя інтарэсы вышэй за ўсё - вось наш прынцып», - адзначыў палітык і паабяцаў, што ў якасці кіраўніка дзяржавы ён зробіць усё для рэалізацыі гэтага прынцыпу, у адпаведнасці з палажэннямі распрацаванай праграмы.

Першы раздзел праграмы называецца «Свабода i адказнасць», перадае «Рэспубліка».

«Вяртанне да прынцыпу законнасцi i раздзялення ўладаў — першачарговая задача. Беларусь павiнна стаць прававой дзяржавай. Партыя БНФ выступае за пераход ад аўтарытарнай сiстэмы прэзiдэнцкага кiравання да парламенцкай рэспублiкi», адзначыў Рыгор Кастусёў.

Кастусёў паабяцаў скараціць дзярапарат і распусціць спецслужбы

Скарачэнне дзяржапарату будзе наступнай задачай. Карупцыя, што апанавала кiруючы рэжым, — гэта ракавая пухлiна, якая паразiтуе на беларускай нацыi. Скiданне ярма бюракратыi i карупцыi будзе адбывацца адначасова са скасаваннем органаў палiтычнага пераследу i спецслужбаў, што абслугоўваюць iнтарэсы iснай уладнай групоўкi. Новыя спецслужбы будуць створаны з прафесіяналаў, не заплямленых палітычнымі рэпрэсіямі, карупцыяй і злачынствамі «, — заявіў палітык.

«Свабода прэсы будзе абароненая дзяржавай. Незалежныя СМI будуць сапраўднай «чацвертай уладай», якая дапаможа знiшчыць усе праявы карупцыi. Будзе скасаваная дзяржаўная манаполiя на тэлебачанне i радыё», — дадаў кандыдат.

Кастусёў прапануе ўвесці прыватную ўласнасць на зямлю

Наступны раздзел праграмы называецца «Эканамічны рост». Перш за ўсё «Рыгор Кастусёў зробiць усё, каб у вынiку справядлiвай зямельнай рэформы была гарантаваная прыватная ўласнасць на зямлю, што створыць гаспадарчы падмурак новай дэмакратычнай Беларусi», — гаворыцца ў праграме.

«Будуць створаныя вольныя ўмовы для развiцця малога i сярэдняга прадпрымальнiцтва, спрыяльныя ўмовы для крэдытавання бiзнэсу праз развiццё мiкрафiнансавання, стварэнне канкурэнцыi на рынку банкаўскiх паслуг, у тым лiку праз прыцягванне замежнага банкаўскага капiталу», адзначыў палітык. «Мытныя пошлiны на ўсе вiды тавараў, якiя не вырабляюцца на тэрыторыi Беларусi, павiнныя быць скасаваныя», — падкрэсліў кандыдат.

Кастусёў плануе зрабіць талер нацыянальнай беларускай валютай

«Увядзенне моцнай нацыянальнай валюты — талера — арыентыр для грашова-фiнансавай палiтыкi. На блiжэйшы перыяд мэтай будзе правядзенне пiсьменнай i разважлiвай грашова-фiнансавай палiтыкi з мэтай пераадолення наступстваў сусветнага фiнансава-эканамiчнага крызiсу. Падаткавыя стаўкi будуць iстотна паменшаныя, а дзейнасць правяраючых органаў упарадкаваная», сказаў кандыдат.

«Канкурэнтаздольная эканомiка немагчымая без сучаснай сiстэмы адукацыi i навукi. Мы скасуем усе абмежаваннi на мiжнародныя кантакты беларускiх навучальных установаў, будзем заахвочваць стажыроўкi, абмены, сумесныя праекты для прыцягвання ў краiну сучасных ведаў i тэхналогiяў», — адзначыў Рыгор Кастусёў

«Прымусовае размеркаванне студэнтаў будзе заменена на права выбару першага месца працы. Беларусь павiнная далучыцца да Балонскага працэсу i ўвесцi еўрапейскiя адукацыйныя стандарты, мусiць быць забяспечанае прызнанне айчынных дыпломаў у Еўропе. Павiнныя быць створаныя ўмовы для вяртання ў Беларусь Еўрапейскага гуманiтарнага ўнiверсiтэта, якi цяпер вымушаны працаваць па-за межамi краiны, а таксама для адкрыцця ў Беларусi фiлiялаў вядучых замежных унiверсiтэтаў», — перакананы кандыдат.

Кастусёў заклікае выйсці з Саюзнай дзяржавы і Мытнага саюза

Трэці раздзел перадвыбарнай праграмы называецца «Незалежнасць і еўраатлантычныя выбар». «Беларусь ёсць неад’емнай часткай еўрапейскай цывiлiзацыi. Таму еўрапейскi шлях нашай краiны — гэта не пытанне геапалiтычнага хiстання памiж Масквой i Бруселем, а свядомы i асэнсаваны ўдзел у еўрапейскiх структурах у якасцi паўнапраўнага суб’екта», заявіў Рыгор Кстусёў.

«Перагляд усiх мiжнародных дамоваў, якiя не адпавядаюць нацыянальным iнтарэсам, стане гарантыяй незалежнасцi нашай дзяржавы. Выхад з Мытнага саюзу, Саюзнай дзяржавы i падобных утварэнняў парве ланцугi, што прывязваюць Беларусь да Крамля», — падкрэсліў палітык.

Кастусёў: грошы ад роспуску спецслужбаў пойдуць у фонд будучых пакаленняў

«Цяперашняя дэмаграфiчная сiтуацыя пагражае незалежнасцi i самому iснаванню беларускай нацыi. Кожная сям’я пры ўзяццi шлюбу павiнна атрымлiваць грант у памеры сярэдняга гадавога заробку, якiм зможа скарыстацца пры нараджэннi другога дзiцяцi. Вырашэнне дэмаграфiчнай праблемы немагчымае без умацавання сям’i. Дзеля гэтых мэтаў будзе заснаваны Фонд будучых пакаленняў, у якi будуць пераведзеныя сродкi з усiх прэзiдэнцкiх фондаў i грошы, атрыманыя праз скасаванне органаў палiтычнага пераследу», — заявіў кандыдат.

«Дзеля ратавання беларускай нацыi ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы будзе рассакрэчаная поўная iнфармацыя аб уплыве яе наступстваў на здароўе нацыi; санiтарныя нарматывы, датычныя радыяцыйнага забруджвання, будуць прыведзеныя да стандартаў Еўрасаюза; будзе палегчаная працэдура iмпарту лекаў, неабходных для лячэння анкалагiчных захворванняў; уведзеныя льготы, якiя б стымулявалi дабрачынную дзейнасць па арганiзацыi лячэння за мяжой», — сказаў палітык.

Кастусёў прапануе ўвесці мяжу з Расіяй і ўвайсці ў склад НАТО

«Будзе пастаўленая заслона нелегальнай эмiграцыi. Мяжа з Расiяй будзе ўсталяваная i надзейна ўмацаваная, каб забяспечваць бесперашкодныя стасункi памiж добрасумленнымi грамадзянамi, але абараняць Беларусь ад крымiналу», — заявіў палітык.

«Новы прэзiдэнт прыкладзе ўсе намаганнi для няўхiльнага далучэння Беларусi да Шэнгенскай прасторы. Пры гэтым грамадзяне Расii змогуць атрымлiваць беларускiя нацыянальныя вiзы бясплатна», — дадаў Рыгор Кастусёў.

«Арганiзацыя Паўночнаатлантычнай Дамовы павiнна стаць гарантам незалежнасцi нашай краiны, што патрабуе далучэння Беларусi да палiтычных, а ў перспектыве — i да вайсковых элементаў еўраатлантычнай сiстэмы бяспекi», сказаў кандыдат.

«Далучэнне Рэспублiкi Беларусь да Еўрапейскага Саюзу мусiць быць арыентырам беларускай знешняй палiтыкi. Але гэтае далучэнне магчыма толькi на ўмовах, якiя будуць выгодныя беларускаму народу i адпавядаюць iнтарэсам беларускай дзяржавы. Мы не згодныя пазбавiцца культурнай адметнасцi дзеля кароткачасовых гаспадарчых перавагаў», — запэўніў палітык.

«Калi Вы падтрымлiваеце гэтую праграму — галасуйце за Рыгора Кастусёва i ахвяруйце сродкi для агiтацыi на рахунак 3014000000379 у ААТ «АСБ Беларусбанк», код 795», — заклікаў кандыдат.