Кандыдатам у прэзідэнты дадуць па гадзіне эфіру на ТБ і радыё

20.09.2010 11:11
Архив Редакция

Падчас перадвыбарнай кампаніі кожнаму кандыдату ў прэзідэнты Беларусі пададуць адну гадзіну эфірнага часу (два выхады ў эфір па 30 хвілін) на Першым нацыянальным тэлеканале і столькі ж на радыё. Пра гэта паведаміла 19 верасня старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына.

Акрамя гэтага, кандыдатам дадуць магчымасць праводзіць тэле-і радыёдэбаты. «Таму, калі яны не баяцца палемікі і гатовыя падзяліцца з аўдыторыяй, то атрымаюць яшчэ і гэты час», — адзначыла Лідзія Ярмошына.

Фінансаванне выбарчай кампаніі прадугледжваецца бюджэтам 2010 года. Як распавяла кіраўніца ЦВК, на правядзенне першага туру з бюджэту вылучылі 27 млрд. рублёў, а на правядзенне другога — каля 11 млрд. рублёў, перадае АНТ.

«Нашы сродкі разлічаны на дзесяць кандыдатаў у прэзідэнты. Калі спатрэбіцца больш сродкаў, то ў нас ёсць рэзерв на непрадбачаныя выдаткі. Таму ніхто не будзе пакрыўджаны і атрымае ўсё тое, што гарантавана па законе», — растлумачыла Лідзія Ярмошына.

Тым не менш, старшыня ЦВК адзначыла, што разлічваць на вялікую колькасць удзельнікаў было б занадта смела, бо «большасць палітыкаў прагматычна ацэньвае свае магчымасці і аддаюць перавагу лішні раз не ганьбіцца».

Па словах Лідзіі Ярмошынай, у Беларусі існуе грамадскі давер да вынікаў выбараў і да іх працэдуры, але расслабляцца ні ў якім разе нельга. «Выбары — яны ўсе пабудаваныя на нюансах, на дробязях. Якіясьці дэталі могуць істотным чынам нешта пагоршыць або палепшыць. Мы пастаянна нацэльваем і выбарчыя камісіі і муніцыпальныя ўлады, каб яны працавалі максімальна законна, адкрыта і падавалі грамадзянам усе магчымасці для азнаямлення з усёй працэдурай выбараў», — падкрэсліла кіраўніца Цэнтрвыбаркама Беларусі.

Как вам новость?
Головоломки