Кандыдаты ў прэзідэнты пачынаюць агітацыю

19.11.2010 12:25
Архив

Кандыдаты ў прэзідэнты з 19 лістапада пачынаюць перадвыбарчую агітацыю. На працягу бліжэйшага месяца, да 19 снежня, калі адбудзецца галасаванне, кандыдаты змогуць агітаваць выбаршчыкаў аддаць голас на сваю карысць. Усе дзесяць кандыдатаў змогуць не толькі праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі, але таксама выступіць у тэле- і радыёэфіры, а таксама паўдзельнічаць у тэледэбатах.

Так, выбарчы штаб кандыдата ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука ўжо падрыхтаваў і перадаў лісты на рэзерваванне заяў на сустрэчах з выбаршчыкамі. Актывісты штаба таксама ўжо звярнуліся ў банк для адкрыцця рахунку для перадвыбарных ахвяраванняў, а таксама заказалі ў друкарні публікацыю раней падрыхтаваных улётак, паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода».

Сам кандыдат ад АГП ў панядзелак, 22 лістапада, правядзе першыя перадвыбарчыя сустрэчы з выбаршчыкамі ў рэгіёнах. Перадвыбарчы тур Яраслава Раманчука называецца «Мільён поціскаў рукі». «Мы пачынаем з Берасцейскай вобласці, з мяжы з Захадам, і будзем ехаць своеасаблівай «стрэлкай» на поўнач, у Віцебскую вобласць, да Верхнядзвінску. Гэта будзе такая сімвалічная стрэлка, якая будзе паказваць, што мы збіраемся рабіць у нашай краіне, а мы хочам перш за ўсё ліквідаваць усе межы, каб Захад прыйшоў да Беларусі. Гэта такі знак. Будзем наведваць не толькі ўсе абласныя цэнтры, але ўсе гарады, у якіх пражывае больш за 50 тыс. чалавек, каб максімальна актыўна выкарыстоўваць кожны дзень», — паведаміў кандыдат.

Асабістым сустрэчам з выбаршчыкамі таксама вырашыў надаць увагу і кандыдат Рыгор Кастусёў, намеснік старшыні Партыі БНФ. «У нас ужо ўзоры плакатаў і ўлётак распрацаваны. Мая ж задача — максімальна арганізаваць сустрэчы з жыхарамі розных гарадоў, населеных пунктаў нашай краіны. Сустрэчы, сустрэчы, яшчэ раз сустрэчы», — падкрэсліў кандыдат у прэзідэнты.

Рыгор Кастусёў таксама паведаміў, што ў бліжэйшы час збіраецца ўзгадніць планы выбарчай кампаніі з аднапартыйцамі. У пятніцу, 19 лістапада, пройдзе пасяджэнне Управы Партыі БНФ, у суботу, 20 лістапада, — Сойма партыі.

Кастусёў хоча сустрэцца з Лукашэнкам

Рыгор Кастусёў адзначыў, што ён зацікаўлены таксама ў сустрэчах з іншымі кандыдатамі, у тым ліку і з дзейным прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

У сваю чаргу лідар саюза «За мадэрнізацыю» Алесь Міхалевіч, таксама зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, у найбліжэйшыя дні мае намер у першую чаргу вырашыць арганізацыйныя праблемы. А першую паездку ў рэгіёны ў кандыдат плануе здзейсніць у панядзелак ці аўторак.

«Я цяпер займаюся канкрэтнымі тэхнічнымі пытаннямі, друк матэрыялаў, наладжванне сеткі іх распаўсюджвання, і гэтым збіраюся займацца ў найбліжэйшы час. Спадзяюся, што хутка з’явяцца агітацыйныя тумбы для выбарчай інфармацыі, на якія я змагу павесіць свае плакаты. Плюс да гэтага я перакройваю свой выбарчы графік, таму што сёння (18 лістапада — Тэлеграф) паведамілі, калі запіс на тэлебачанні, калі дэбаты. Адпаведна гэтыя дні выпадаюць з маіх паездак па рэгіёнах», — праінфармаваў кандыдат у прэзідэнты.

Дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка таксама пачаў праводзіць перадвыбарчую агітацыю. У пятніцу, 19 лістапада, у Мінску пачала працу першая грамадская прыёмная Аляксандра Лукашэнкі, перадае БелТА.

Ва ўсіх рэгіёнах адкрыюцца грамадскія прыёмныя Лукашэнкі

Прыём першых наведнікаў правёў кіраўнік рэспубліканскага штаба кандыдата ў прэзідэнты, старшыня РГА «Белая Русь» Аляксандр Радзькоў. Паводле яго слоў, грамадскія прыёмныя кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі ў бліжэйшы час адкрыюцца ва ўсіх абласных цэнтрах, а таксама ў буйных гарадах: Маладзечне, Барысаве, Пінску, Баранавічах, Наваполацку.

«Гэта пазбавіць грамадзян ад неабходнасці ехаць са сваімі зваротамі ў сталіцу і зробіць наведванне грамадскай прыёмнай максімальна даступным», — падкрэсліў кіраўнік перадвыбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі.

«Мы спадзяемся, што грамадзяне краіны, якія будуць звяртацца ў грамадскую прыёмную, выкажуць свае прапановы, пажаданні па далейшым развіцці эканомікі або сацыяльнай сферы краіны», — дадаў Аляксандр Радзькоў. Ён таксама адзначыў, што ўсе пажаданні грамадзян члены штаба перададуць кіраўніку дзяржавы.

Грамадская прыёмная Аляксандра Лукашэнкі, размешчаная па адрасе вул. М. Фрунзе, 5, будзе працаваць па буднях з 9:00 да 18:00 і ў суботу з 9:00 да 13:00. Яна працягне сваю працу да 17 снежня 2010 года ўключна.