Кандыдату Усу для выступу хапіла сямі хвілін

24.11.2010 08:22
Архив

Кандыдат ў прэзідэнты Беларусі, дырэктар ТДА «Трывіум» Дзмітры Усу патраціў усяго сем з дазволеных 30-і хвілінаў на выступ перад выбаршчыкамі ў эфіры Першага нацыянальнага тэлеканала. Пры гэтым усё сказанае прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы зачытаў з ліста. Адрознівала яго ад іншых кандыдатаў і тое, што ён нічога не расказаў пра сябе.

Як паведамляе карэспандэнт Тэлеграфа, сваю перадвыбарную праграму Дзмітры Ус пабудаваў на наступных пунктах:

Па-першае, на яго думку, у Беларусі неабходна змяніць выбарчую сістэму, якая «пабудавана на выбарчай сістэме Германіі 30-х гадоў 20-га стагоддзя» (тады ў Германіі пры ўладзе знаходзіліся нацысты на чале з Адольфам Гітлерам — Тэлеграф). Як паведаміў кандыдат, у сувязі з гэтым ён 2 лістапада накіраваў адкрыты ліст кіраўніку дзяржавы, у якім прасіў ўнесці змены ў Выбарчы кодэкс адносна права кандыдатаў у прэзідэнты пасылаць сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі з правам падліку галасоў і падпісання пратаколаў галасавання.

Па-другое, варта «аднавіць добрыя адносіны з брацкай Расіяй», бо праз канфлікт Беларусь губляе мільярды даляраў, заявіў дырэктар ТДА «Трывіум».

Па-трэцяе, Дзмітры Ус прапаноўвае за кошт сродкаў Кіравання справамі прэзідэнта павялічыць працоўныя пенсіі насельніцтва, а таксама ўвесці бясплатны праезд для дзяцей у грамадскім транспарце. У дадзены момант, па яго словах, «фірма Кіравання справамі прэзідэнта», якая валодае дзясяткамі тысяч будынкаў па ўсёй краіне, здаючы іх у арэнду, акумулюе ўсе сродкі ў фондзе прэзідэнта, «які распараджаецца імі асабіста».

Па-чацвертае, кандыдат заявіў аб неабходнасці вырашэння пытання аб капітальным рамонце жылых дамоў, у якіх людзі жывуць па 30-40 гадоў.

Па-пятае, Дзмітры Ус прапанаваў спрасціць падатковую сістэму. Паводле яго слоў, падаткі павінны фармавацца з абароту прадпрыемства, а не ад колькасці працоўных месцаў і яго валавога даходу.

«Неабходна, каб законы ў Рэспубліцы Беларусь не толькі існавалі, але і дзейнічалі, не змяняліся кожны дзень», — адзначыў кандыдат, прывёўшы ў якасці прыкладу сітуацыю з заводам «Форд», які зачынілі пасля таго, як змяніліся ўмовы яго функцыянавання.

Таксама, на думку прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, неабходна надаць больш увагі развіццю сельскай гаспадаркі ў цэлым і аграгарадкоў у прыватнасці. Акрамя таго, ён лічыць, што варта і далей развіваць спартовае выхаванне дзяцей, ствараць у кожным раёне стадыёны, розныя секцыі.

У канцы свайго выступу Дзмітры Ус звярнуўся да выбаршчыкаў з просьбай падтрымаць яго сваімі подпісамі ў занясенні наступнай папраўкі ў Выбарчы кодэкс: «Кандыдат у прэзідэнты мае права накіроўваць ва ўчастковыя выбарчыя камісіі сваіх прадстаўнікоў з паўнамоцтвамі падліку бюлетэняў і правам падпісання пратаколаў галасавання».