Канферэнцыя дэмсілаў ператварылася ў прэзентацыю кампаніі АГП

30.08.2010 10:45
Архив Редакция

На абласной канфэрэнцыі кааліцыі Аб'яднаных дэмакратычных сілаў магчымасцю прадставіць сваю праграму і каманду скарыстаўся толькі намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук. Канферэнцыя прайшла 29 жніўня ў Мінску, на ёй прысутнічала больш за 50 чалавек.

На канферэнцыю былі запрошаны патэнцыйныя ўдзельнікі прэзідэнцкай кампаніі. Аднак акрамя прадстаўнікоў АГП на мерапрыемства з’явіўся толькі прадстаўнік сустаршыні аргкамітэту па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі. Тым не менш, сярод удзельнікаў канферэнцыі былі дэлегаты з усіх рэгіёнаў Мінскай вобласці, перадае сайт АГП.

Па словах Яраслава Раманчука, ён прысутнічаў на ўсіх рэгіянальных канферэнцыях. «І гэта не толькі даніна павагі да людзей, якія выконваюць функцыю хрыбта ўсяго дэмакратычнага руху Беларусі, але і магчымасць запазычыць на гэтых сустрэчах новыя ідэі і прапановы. Плюс гэта добрая магчымасць абкатаць сваю праграму сярод прадстаўнікоў розных палітычных сілаў», — адзначыў намеснік старшыні АГП.

На канферэнцыі прадстаўнікі АГП распавялі аб сваёй кампаніі, якая праходзіць у 23 гарадах Беларусі. «Мэта кампаніі — праінфармаваць прадпрымальніцкую супольнасьць, што ўпершыню за 16 гадоў на будучых выбарах у яе будзе свой кандыдат — Яраслаў Раманчук. Чалавек, які ўвесь гэты час паслядоўна і прафесійна працуе для прадпрымальнікаў», — расказаў лідар партыі Анатоль Лябедзька.

Раманчук абяцае зрабіць Украіну і Канаду партнёрамі Беларусі

Яраслаў Раманчук у сваёй кампаніі абяцае, што ў выпадку яго перамогі на выбарах Украіна і Канада стануць стратэгічнымі партнёрамі Беларусі. На думку палітыка, Беларусь не рэалізавала вялікі патэнцыял супрацоўніцтва з Украінай у сферы гандлю, энергетыкі і інфраструктуры. Акрамя таго, Яраслаў Раманчук упэўнены, што разам з суседняй дзяржавай Беларусі будзе прасцей наладзіць супрацоўніцтва з Еўропай, перадае БелаПАН.

У той жа час Канада, па словах намесніка старшыні АГП, магла б стаць «голасам Беларусі ў свеце», бо гэтая дзяржава з сімпатыяй ставіцца да станаўлення Беларусі ў якасці сучаснага еўрапейскай дзяржавы.

Тыя ж, хто ва ўмовах пагаршэння адносінаў з Расіяй бачаць у дзейным прэзідэнце Беларусі Аляксандры Лукашэнку гаранта незалежнасці краіны, памыляюцца, лічыць Яраслаў Раманчук. «Лукашэнка не гарант, а пагроза незалежнасці краіны, паколькі яго ўладу нельга ўявіць без залежнасці ад расійскіх энергарэсурсаў», — заявіў палітык.

У Мінску затрымалі актывістаў АГП

У сваю чаргу кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька паведаміў, што 28 жніўня ў Мінску ўпершыню былі затрыманыя актывісты партыі, якія раздавалі інфармацыйную прадукцыю. Па словах лідара АГП, актывістаў пратрымалі ў міліцыі тры гадзіны, узялі з іх пісьмовыя тлумачэнні і канфіскавалі ўлёткі.

Да гэтага дня, па словах Анатоля Лябедзькі, у кампаніі не было інцыдэнтаў з уладамі. «І я, і Яраслаў Раманчук некалькі разоў выходзілі на рынкі ў розных гарадах, размаўлялі з прадпрымальнікамі, раздавалі інфармацыйную прадукцыю. Суцэльны пазітыў, і поўнае паразуменне з прадпрымальнікамі», — распавёў кіраўнік партыі. У цяперашні час Анатоль Лябедзька плануе зрабіць захады, каб вярнуць незаконна сканфіскаваную прадукцыю.

Как вам новость?
Головоломки