Канстытуцыйны суд: "карта паляка" супярэчыць міжнароднаму праву

07.04.2011 16:01
Архив Редакция

Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусі, разгледзеўшы 7 красавіка па прапанове Палаты прадстаўнікоў адпаведнасць закона Польшчы "Аб карце паляка" нормам міжнароднага права, прыйшоў да высновы, што некаторыя нормы польскага закона не адпавядаюць пэўным міжнародным дамовам. Пра гэта паведаміў старшыня суда Пётр Міклашэвіч.

Так, польскі закон дае права на вырашэнне пытанняў, звязаных з выдачай карты паляка, пэўным грамадскім аб’яднанням, зарэгістраваным і дзейным у Беларусі, распаўсюджваючы, такім чынам, нормы польскага заканадаўства на суб’ектаў права, якія знаходзяцца ў юрысдыкцыі беларускай дзяржавы. Згодна з КС Беларусі, дадзеная норма не адпавядае прынцыпам суверэннай роўнасці дзяржаў і неўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржавы, што прадугледжаны ў Статуце ААН і Дэкларацыі ад 24 кастрычніка 1970 года № 2625 аб прынцыпах міжнароднага права, якія тычацца дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў адпаведнасці са згаданым статутам, перадае БелТА.

У сваю чаргу нормы, якія тычацца выдачы грамадзянам Беларусі «картаў паляка» польскім консулам у Беларусі, не адпавядаюць арт.5 і 73 Венскай канвенцыі аб консульскіх зносінах ад 24 красавіка 1963 года, арт. 26 і 29 консульскай канвенцыі паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча ад 2 сакавіка 1992 года, палажэннем дамовы паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча аб добрасуседстве і прыязным супрацоўніцтве ад 23 чэрвеня 1992 года.

Закон аб «карце паляка», які дае беларускім грамадзянам права на льготны візавы рэжым і прывілеі па працаўладкаванні, усталяваны ў аднабаковым парадку, без узгаднення з беларускім бокам насуперак пагадненням паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Рэспублікі Польшча аб узаемных паездках грамадзян ад 20 снежня 2007 года, а таксама міжурадавага пагаднення ад 27 верасня 1995 аб працаўладкаванні грамадзян дзвюх краін. Таксама гэты закон парушае палажэнні арт.26 і 31 Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дагавораў ад 23 траўня 1969 года, распавялі ў КС Беларусі.

Суддзя: ніхто не мае права дыктаваць дзяржаве, як наладжваць унутранае жыццё

Суддзя КС Вольга Сяргеева адзначыла, што консульская канвенцыя паміж Беларуссю і Польшчай дае права консулам не толькі выдаваць візы і пашпарты, але і выконваць «іншыя функцыі». Аднак гэтыя функцыі павінны быць прадугледжаны беларускім заканадаўствам або мiжнародным дагаворам паміж дзвюма краінамі, альбо пры ўмове, калі другая дзяржава не пярэчыць гэтаму.

«Наша рэспубліка паставіла пад сумнеў магчымасць рэалізацыі закона Рэспублікі Польшча «Аб карце паляка» ў нас на тэрыторыі», — заявіла суддзя.

Паводле яе слоў, рашэнне КС — гэта «наша ўнутраная правіла», якое МЗС Беларусі зможа выкарыстоўваць у якасці «пэўнай падставы для выбудоўвання сваёй пазіцыі ў далейшых перамовах і кансультацыях з польскім бокам. «Тое, што мы нацэлены на выбудоўванне сяброўскіх адносін — гэта не падлягае сумневу», — падкрэсліла Вольга Сяргеева.

Как вам новость?