Кара-Мурза: канфлікт паміж Масквой і Мінскам — спектакль

31.08.2010 14:23
Архив Редакция

Расійскі палітолаг Сяргей Кара-Мурза лічыць, што канфлікт паміж Масквой і Мінскам, які адбываецца ў інфармацыйнай прасторы, — не больш чым спектакль для Захаду. "Расійска-беларускія адносіны носяць стратэгічны характар, што вынікае не толькі з агульных эканамічных інтарэсаў, але таксама з ментальнай і ваенна-палітычнай сфераў", — адзначае палітолаг.

На думку палітолага, празаходнія сілы як у Расіі, так і ў Беларусі настолькі актыўныя, што любы палітык, які мог апынуцца на месцы Мядзведзева, Пуціна ці Лукашэнкі, імітаваў бы канфлікты і скандалы, перадае KMnews.

«Гэта ўсё — на патрэбу публікі, у асноўным заходняй. А за кулісамі, я думаю, яны размаўляюць на чыста прагматычнай мове», — кажа Сяргей Кара-Мурза.

«Калі б гэтыя скандалы мелі іншую мэту, яны б абавязкова развіваліся. Але мы гэтага не бачым. І колькі б наша тэлебачанне ні паказвала новых серый пра «Хроснага бацьку», нічога не мяняецца. У цынічнай адміністрацыйнай культуры такая стратэгія ўвогуле вельмі распаўсюджаная: палітыкі лаюцца паміж сабою, каб паказаць, што яны не знаходзяцца ў адной звязцы», — лічыць Сяргей Кара-Мурза.

Паўлоўскі: рэальнасць у тым, што Аляксандр Лукашэнка не сыдзе

Расійскі палітолаг Глеб Паўлоўскі пракаментаваў чуткі аб тым, што неўзабаве можа з’явіцца стужка пра Уладзіміра Пуціна «Расійскі пахан» — беларускі адказ на «Хроснага бацьку», паведамляе газета «Взгляд«.

На думку Глеба Паўлоўскага, гэтага варта чакаць. «Я не вялікі прыхільнік такога абмену бомбамі з гразі, але ў ім ёсць станоўчы бок. Нарэшце, тэлебачанне — гэта толькі тэлебачанне, а фільм — гэта толькі фільм. Таму пакуль улады «мочаць» адно аднаго «тэлебамбардзіроўкамі», журналісты атрымліваюць магчымасць расследаваць тыя ці іншыя рэчы, ну а ўсе іншыя атрымліваюць захапляльнае відовішча. Наогул, шкоды вялікай ў гэтым няма».

Пры гэтым палітолаг падкрэсліў, што «выхад з тупіку давядзецца шукаць». «Расія не можа дазволіць сабе, каб адносіны з Мінскам сталі падобныя на стасункі з Кіевам часоў Юшчанкі ці, барані Божа, з Тбілісі», — лічыць Глеб Паўлоўскі.

Як адзначае Паўлоўскі, любое рашэнне павінна грунтавацца на рэальнасці. «А рэальнасць у тым, што Аляксандр Лукашэнка не сыдзе. Гэта трэба разумець вельмі дакладна. Ён можа падабацца ці не падабацца камусьці, але ён нікуды не сыдзе. І яго магчымасці па захаванні сваёй улады, або нават па яе пашырэнні ў выпадку канфлікту з Масквой, даволі вялікія», — мяркуе палітолаг.

На пытанне, ці варта даць Аляксандру Лукашэнку тое, што ён хоча, Глеб Паўлоўскі адказаў: «Ну, не! У палітыцы такія падарункі заканчваюцца толькі вымагальніцтвам далейшых падарункаў. Трэба дамаўляцца».

Как вам новость?
Головоломки