Карагін: у Беларусі адзін працоўны корміць двух утрыманцаў

25.02.2011 12:41
Архив Редакция

Беларускія прадпрымальнікі заклапочаныя дэмаграфічнай сітуацыяй у Беларусі, заявіў кіраўнік Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін. Паводле яго слоў, у Беларусі «тых, хто працуе і плаціць падаткі, менш, чым тых, хто атрымлівае дапамогі». «Груба кажучы, на кожнага працуючага ў народнай гаспадарцы прыпадае два ўтрыманцы», — адзначыў кіраўнік МССПіП.

Уладзімір Карагін паведаміў, што ў краіне адбываецца старэнне нацыі, расце колькасць пенсіянераў, якія будуць жыць за кошт падаткаў, у тым ліку з прадстаўнікоў малога бізнэсу. «Нагрузка на дзейныя суб’екты гаспадарання вельмі вялікая. І трэба быць папулістам, каб абяцаць зніжэнне падаткаў у будучыні», — адзначыў прадпрымальнік, перадае БелаПАН.

Таксама прадстаўнікі дзелавых колаў заклапочаныя дэфіцытам аплатнага балансу Беларусі. «Мы закупляем электраэнергію, сыравіну, матэрыялы, увозім розныя тавары, а прадаем на экспарт уласнай прадукцыі значна менш. Наяўнасць дэфіцыту плацёжнага балансу — гэта каласальная пагроза для нашай эканомікі», — адзначыў Уладзімір Карагін.

Акрамя таго, заклапочанасць выклікае запазычанасць Беларусі па крэдытах, выплаты па якіх пачнуцца ў 2012 годзе. «Гэтыя пытанні як падаткаплацельшчыкаў хвалююць прадпрымальнікаў у першую чаргу, бо яны выдатна разумеюць, што з іх падаткаў фармуецца бюджэт. Таму нас вельмі турбуюць даўгі дзяржавы», — распавёў кіраўнік МССПіП, паведаміўшы, што дадзеныя праблемы і шляхі іх вырашэння прадпрымальнікі разгледзяць на Асамблеі дзелавых колаў Беларусі 2 сакавіка ў Мінску.

Как вам новость?
Головоломки