Карагін: за мяжой Беларусь лічаць небяспечнай для бізнэсу зонай

15.06.2011 15:38
Архив Редакция

Цяперашні валютна-фінансавы крызіс у Беларусі сур'ёзна падарваў імідж краіны ў вачах міжнародных партнёраў, якія працуюць з беларускімі прыватнымі прадпрымальнікамі. "Беларусь — небяспечная зона для бізнэсу. Такі сігнал ідзе сёння замежным партнёрам", — заявіў 15 чэрвеня старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў (МССПіП) Уладзімір Карагін.

Як перадае карэспандэнт Тэлеграфа, кіраўнік МССПіП лічыць, што з-за няправільнай эканамічнай палітыкі кіраўніцтва краіны малы і сярэдні бізнэс аказаўся няздольным разлічыцца за тавары і паслугі з замежнымі партнёрамі. Сам крызіс фінансавай сістэмы Беларусі, па словах Уладзіміра Карагіна, пачаўся пасля ўвядзення забароны на авансаванне аплаты імпарту камерцыйнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

У Нацыянальнай платформе бізнэсу Беларусі-2011, якую дзелавая супольнасць краіны прадставіла на разгляд уладаў, адным з пунктаў значыцца адмена вышэйназванай забароны.

Уладзімір Карагін адзначыў, што незалежныя эксперты, якія займаліся распрацоўкай платформы, прагназавалі цяперашні крызіс яшчэ ў пачатку года. «Калі б тады ўлады прыслухаліся да рэкамендацый дзелавой супольнасці і рэалізавалі ўсе пункты Нацыянальнай платформы, агучаныя, у тым ліку, і 2 сакавіка на Асамблеі дзелавых колаў у Мінску, цяперашніх дыспрапорцыяў у эканоміцы ўдалося б пазбегнуць», — перакананы кіраўнік сталічных прадпрымальнікаў.

Карагін прапануе Беларусі ўступіць у Сусветную туалетную арганізацыю

У цэлым, паводле слоў Уладзіміра Карагіна, беларусам часта даводзіцца чырванець за сваю краіну, у тым ліку і праз няправільную арганізацыю бізнэсу. У якасці прыкладу кіраўнік МССПіП прывёў сітуацыю з прыдарожным сэрвісам. Так, прымаючы дэлегацыю з Японіі, Уладзіміру Карагіну, па яго словах, даводзілася чырванець за тое, што ў паездках па рэгіёнах на сотні кіламетраў на трасе не сустрэнеш нармальнага туалета.

«Нам сорамна было за гэта. А ў лес, як мы, японцы хадзіць адмаўляюцца прынцыпова — яны прыроду берагуць», — адзначыў Уладзімір Карагін. У сувязі з гэтым кіраўнік МССПіП лічыць неабходным для Беларусі ўступіць у Сусветную туалетную арганізацыю (СТА). У цяперашні час у гэтую асацыяцыю, якая займаецца праблемамі санітарыі, уваходзіць 19 асацыяцый у розных краінах.

У цэлым жа, па словах Уладзіміра Карагіна, сёння прадпрымальнікі, якія займаюцца прыдарожным сэрвісам, фактычна адарваны ад дзелавой супольнасці краіны, яны не ўваходзяць ні ў якія супольнасці і асацыяцыі, не ўключаныя ў рэестры. Гэта перашкаджае развіццю нармальнага функцыянальнага турыстычнага бізнэсу ў Беларусі, лічыць кіраўнік МССПіП. Для вырашэння гэтай праблемы ў Беларусі плануецца стварыць асацыяцыю прыдарожнага бізнэсу, у найбліжэйшы час пачне прапрацоўвацца гэтая ініцыятыва.

На думку кіраўніка МССПіП, пры правільным упраўленні гэта дасць магчымасць больш актыўна ўключыць дадзеных прадпрымальнікаў у эканоміку краіны.

Карагін: у беларускіх ІП на руках 12 млрд даляраў

«У дзелавой супольнасці, па-першае, ёсць ініцыятыва, па-другое, грошы. Сёння ў нас у насельніцтва на руках каля 4 млрд даляраў, у грамадзян разам з прадпрымальнікамі — 12 млрд даляраў. Іх трэба ўключаць у эканоміку», — лічыць Уладзімір Карагін.

Для больш эфектыўнага ўзаемадзеяння прадпрымальнікаў з уладамі МССПіП настойвае на правядзенні штогадовых адкрытых парламенцкіх слуханняў па праблемах развіцця прадпрымальніцтва, а таксама штогадовых слуханняў на ўзроўні гарадскіх і абласных саветаў народных дэпутатаў. Паводле слоў Уладзіміра Карагіна, слуханні павінны быць адкрытымі, у іх павінны прымаць удзел і прадстаўнікі ўладаў, і эксперты дзелавой супольнасці, і самі прадпрымальнікі і члены прадпрымальніцкіх асацыяцый.

Акрамя таго, Уладзімір Карагін лічыць, што ў гэтым працэсе таксама павінны актыўна ўдзельнічаць СМІ, якія сёння, па яго словах, займаюцца толькі «папсой». «СМІ сёння не працуюць на эканоміку, роўна як і на культуру. Асабліва гэта тычыцца дзяржСМІ, якія працуюць за нашы грошы, за грошы беларускіх падаткаплацельшчыкаў», — падкрэсліў Уладзімір Карагін.

Прадпрымальнікі прадставілі кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта свае прапановы па выхадзе з крызісу

Каб прасоўваць ідэі прыватна-дзяржаўнага партнёрства з 15 чэрвеня па 15 верасня па ініцыятыве МССПіП пройдзе акцыя «Ад дзвярэй — да дзвярэй, ад сэрца — да сэрца», у ходзе якой Нацыянальная платформа бізнэсу-2011 будзе ў выглядзе газетных публікацый і брашур уручана асабіста ўсім зацікаўленым прадпрымальнікам, дзяржорганам, актыўным студэнтам беларускіх ВНУ. Першы канчатковы варыянт платформы, якая складаецца з 104 прапаноў дзелавой супольнасці ўраду Беларусі, у чацвер, 16 чэрвеня, атрымае кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей. Паводле слоў Уладзіміра Карагіна, Уладзімір Макей ўжо знаёмы з папярэдняй рэдакцыяй дадзенага дакументу.

На сённяшні дзень, паводле даследавання, праведзенага аналітычным цэнтрам «Стратэгія», пра існаванне падобнай платформы ведае толькі 30% беларускіх прадпрымальнікаў. Пры гэтым пра існаванне Дырэктывы прэзідэнта № 4, паводле апытання аналітыкаў Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы, у пачатку года было вядома толькі 14% прадпрымальнікаў.

Как вам новость?