Карбалевіч: беларускім уладам не патрэбна Рада Еўропы

24.03.2010 10:42
Архив Редакция

Палітолаг Валерый Карбалевіч лічыць, што прывядзенне беларускімі ўладамі ў выкананне яшчэ двух смяротных прысудаў Еўропа ўспрыме адмоўна, але наўрадці можна чакаць змены яе палітыкі ў дачыненні Беларусі. Паводле меркавання эксперта, сваімі дзеяннямі беларускія ўлады дэманструюць нежаданне далучацца да Рады Еўропы.

«Беларусь не вельмі зацікаўлена, мяркуючы па ўсім, уступаць у Раду Еўропы. Арганізацыя займаецца гуманітарнымі пытаннямі, пытаннямі правоў чалавека. А гэта як раз тыя пытанні, якія, з пункту гледжання Еўропы, у Беларусі з’яўляюцца вельмі праблемнымі», — адзначыў аналітык.

Па словах палітолага, у выпадку далучэння Беларусі да РЕ на ўсіх паседжаннях любых структур Рады Еўропы будзе абмяркоўвацца сітуацыя ў Беларусі.

«Акрамя таго, калі Беларусь стане паўнавартасным чальцом РЕ, дык беларускія грамадзяне змогуць звяртацца са скаргамі ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. Гэта азначае, што маса беларусаў, пакрыўджаных існым у краіне прававым бязмежжам, пачнуць адпраўляць свае скаргі ў Еўрапейскі суд, які будзе ўсё гэта правяраць і патрабаваць ад беларускіх улад выправіць сітуацыю. Гэты галаўны боль беларускім уладам не патрэбны, таму яны фармальна заяўляюць пра жаданне Мінска далучыцца да РЕ, але рэальна нічога не робяць», — заявіў Валерый Карбалевіч, паведамляе БелаПАН.

Палітолаг не выключае таго, што Еўрасаюз зробіць нейкую заяву, якая тычыцца дзеянняў беларускіх улад. «Але такіх заяў было ўжо шмат. Пакуль яны не падмацаваны чымсьці матэрыяльным, пакуль адначасова з рэзалюцыяй ЕС галасуе за вылучэнне Беларусі крэдытаў МФВ і Сусветнага банка, дык беларускія ўлады ўсё задавальняе. Тэарэтычна ЕС можа змяніць тактыку, калі будзе палітычная воля. Але пакуль, мяркуючы па ўсім, у Еўропе новы трэнд адносін з Беларуссю — трэнд дыялогу, уцягвання ў еўрапейскія працэсы. І пакуль гэты трэнд не змяняецца», — дадаў аналітык.

Как вам новость?
Головоломки