Карбалевіч: Лукашэнка можа наблізіць дату прэзідэнцкіх выбараў

09.04.2010 13:48
Архив Редакция

Па меркаванні палітолага Валерыя Карбалевіча, "на бліжэйшых выбарах дзейсны кіраўнік дзяржавы, верагодна, мог бы перамагчы і ў абсалютна празрыстых умовах, пры фармальна раўнапраўнай канкурэнцыі". "Асабліва калі злёгку наблізіць дату выбараў. Памятаеце: усе чакалі, што выбары-2006 пройдуць улетку, а іх — лясь! — і перанеслі на сакавік. Апазіцыя яшчэ не разгайдалася, а тут трэба з месца ў кар'ер кампанію разгортваць", — адзначыў эксперт.

«На гэты раз, акрамя жадання зноў агаломшыць апазіцыю, можа спрацаваць і комплекс эканамічных меркаванняў: хай прагаласуюць, пакуль Масква не заламала еўрапейскі кошт за газ, не напалохалі лічбы ў жыроўках і ўсё такое», — лічыць аналітык.

«Але гэта толькі тактычныя выкруты. А ў прынцыпе электаральны рэйтынг Лукашэнкі (пры ўсёй умоўнасці гэтага паказчыку ў «краіне аднаго палітыка») — на парадак большы, чым у Аляксандра Мілінкевіча. Паводле сакавіцкага апытання НІСЭПД — 42,7% супраць 4,7%. Астатнія апазіцыянеры — у межах статыстычнай памылкі», — адзначыў Валер Карбалевіч.

Што тычыцца зменаў у выбарчым заканадаўстве напярэдадні найважнейшай для Аляксандра Лукашэнкі кампаніі, дык, па меркаванні палітолага, дамагчыся ад дзейснага прэзідэнта іх практычна нерэальна, паведамляюць «Беларускія навіны».

«Сапраўды, фон будучай кампаніі і так далёка не бясхмарны. Масква не выказвае намераў падтрымаць матэрыяльна, як гэта было ў лепшыя часы. Плюс крызісная яма. Як наскрэбці грошай на абяцаны заробак у пяцьсот даляраў? Сацыёлагі НІСЭПД ужо адзначаюць зніжэнне індэксаў сацыяльных настрояў. У такіх напружаных умовах — яшчэ і развязваць апазіцыі рукі? Ну ўжо не!», — рэзюмаваў Валер Карбалевіч.

Как вам новость?