Карбалевіч: у Лукашэнкі пакуль няма сур'ёзных канкурэнтаў

14.09.2010 17:24
Архив Редакция

Беларускі палітолаг Валеры Карбалевіч лічыць, што на сённяшні дзень у дзейнага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі няма сур'ёзных канкурэнтаў на выбарах. Па словах эксперта, акрамя Аляксандра Лукашэнкі сабраць неабходную колькасць подпісаў атрымаецца толькі ў лідара грамадскай кампаніі "Гавары праўду!" Уладзіміра Някляева.

Тым не менш, палітолаг падкрэсліў, што сітуацыя ў Беларусі цяпер складваецца вельмі непрадказальная. «Не выпадкова сам Лукашэнка вагаўся — Палата прадстаўнікоў прызначыла дату не на першым паседжанні, як планавалася, а толькі 14 верасня. Лукашэнка асцерагаецца, баіцца, устрывожаны. Можа, ён ведае нешта, чаго не ведаем мы», — дадаў Валеры Карбалевіч.

Датычны прызначанай даты выбараў эксперт адзначыў, што яна больш выгадная дзейнаму кіраўніку дзяржавы, перадае «Беларускі партызан». «Перад новым годам чакаюцца вострыя перамовы з Расіяй па энерганосьбітах, па газе і нафце. Да наступнага года цана на расійскую нафту павінна стаць цалкам рынкавай. А ўсё гэта суправаджаецца моцнай інфармацыйнай вайной. На такім фоне праводзіць выбары вельмі нявыгадна — народ палохаецца», — растлумачыў Валеры Карбалевіч.

У якасці прыкладу эксперт прывёў сітуацыю ў 2006-2007 гадах. Тады беларусы ў тэрміновым парадку здымалі з банкаўскіх рахункаў свае зберажэнні. «Потым Лукашэнка прызнаваўся, што эканоміка ледзь не павалілася. То бок, гэта вельмі неспрыяльны фон для правядзення прэзідэнцкай кампаніі. Таму і вырашана: спачатку выбары — потым можна і пабадацца з Расіяй па цэнах на энерганосьбіты», — растлумачыў беларускі палітолаг.

У той жа час, па словах Валерыя Карбалевіча, беларуская апазіцыя не гатовая да прэзідэнцкай кампаніі. «Я маю на ўвазе, што сур’ёзна змагацца за ўладу апазіцыя не гатовая. Таму для апазіцыі, па вялікім рахунку, дата выбараў не мае вялікага значэння. Апазіцыя, мяркуючы па ўсім, не збіраецца быць сур’ёзным супернікам на гэтых выбарах», — дадаў эксперт.

Как вам новость?
Головоломки