Кардынал Грахалеўскі: дзяржава павінна паважаць правы сваіх грамадзянаў

09.12.2010 12:22
Архив Редакция

Дзяржава павінна паважаць правы сваіх грамадзянаў, у тым ліку на розныя напрамкі духоўнага навучання. Аб гэтым заявіў прэфект Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі Ватыкана кардынал Зянон Грахалеўскі, які з 6 па 8 снежня знаходзіўся з візітам у Горадні. "Напрыклад, да гэтых праваў належыць права бацькоў выхоўваць сваіх дзяцей у згодзе з уласным сумленнем", — адзначыў ён.

На думку кардынала, пацвярджэннем прызнання дзяржавай правоў сваіх грамадзянаў было б адкрыццё хрысціянскіх школаў. Зянон Грахалеўскі заўважыў, што адкрыццё любой каталіцкай адукацыйнай установы кажа аб запатрабаваннях вернікаў у духоўнай адукацыі. Паводле яго слоў, людзі маюць права выбіраць форму адукацыі для сябе і сваіх дзяцей, а дзяржава і Царква павінны аказваць неабходную дапамогу, паведаміў адказны за СМІ Гарадзенскай епархіі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі Павел Салабуда, перадае БелаПАН.

Зянон Грахалеўскі заўважыў, што права на ўласныя навучальныя ўстановы маюць хрысціяне і іншых канфесій, а таксама вернікі іншых рэлігій. «Тое, чаго мы хочам для каталікоў, таго ж жадаем для праваслаўных, будыстаў і ўсіх іншых веравызнанняў. Я думаю, што ў гэтым напрамку будуць развівацца сувязі паміж Царквой і дзяржавай у Беларусі. І гэта не толькі ў дачыненні да Каталіцкай царквы, але і Праваслаўнай і іншых», — цытуе кардынала сайт Гарадзенскай рыма-каталіцкай епархіі.

Грахалеўскі: дзяржава некампетэнтная ў справах рэлігіі

Кардынал таксама падкрэсліў, што штодзённая малітва вельмі важная для кожнага. Ватыканскі іерарх нагадаў, што яе ніколі не бывае занадта шмат. Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць сумесных ініцыятыў настаяцеляў прыходаў і іх вернікаў і адзначыў, што хрысціянскія СМІ адыгрываюць значную ролю для сустрэчы людзей з Богам.

Між тым, паводле слоў Зянона Грахалеўскага, дзяржава некампетэнтная ў справах рэлігіі.

Візіт польскага кардынала Зянона Грахалеўскага ў Беларусь праходзіў з 6 па 8 снежня па запрашэнні Гарадзенскага біскупа Аляксандра Кашкевіча і Семінарыйнай супольнасці з нагоды святкавання 20-годдзя Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Горадні. У рамках візіту Зянон Грахалеўскі наведаў рэдакцыю семінарскай газеты, епархіяльныя інтэрнэт-партал і выдавецтва.

Как вам новость?
Головоломки