Карняенка: адмова Мілінкевіча ад удзелу ў выбарах можа стацца фатальнай памылкай

20.09.2010 16:34
Архив Редакция

Адмова лідара Руху "За Свабоду" Аляксандра Мілінкевіча ад удзелу ў выбарах у якасці кандыдата ў прэзідэнты можа стаць для палітыка фатальнай памылкай. Такое меркаванне выказаў намеснік кіраўніка Руху Віктар Карняенка. Сам жа Віктар Карняенка не падтрымлівае рашэнне апазіцыйнага палітыка.

«Мне цяжка судзіць аб тым, наколькі цяжка далося такое рашэнне самому Аляксандру Мілінкевічу, але я лічу сыход лідара руху «За Свабоду» з прэзідэнцкай выбарчай дыстанцыі вельмі вялікай памылкай, якая, на жаль, можа стаць для палітыка Мілінкевіча і фатальнай», — заявіў намеснік кіраўніка Руху.

Віктар Карняенка лічыць, што на сённяшні дзень ніхто акрамя Аляксандра Мілінкевіча не зможа аб’яднаць у адну каманду патрыятычныя сілы Беларусі, бо «ўсе астатнія прэтэндэнты выконваюць ці свае вузкапартыйныя, ці асабістыя амбіцыйныя задачы», перадае Euramost.org.

«Гэта вельмі добра адчуваецца, людзі гэта заўважаюць. І таму, на вялікі жаль, на гэтым патрыятычным флангу не будзе свайго кандыдата на выбарах. Актыўныя людзі, вядома, знойдуць сабе нейкую працу. Але гэта будзе праца, як і праца Аляксандра Мілінкевіча , не на вастрыі палітычнага моманту, а дзесьці ў баку. На ўзбочыне палітычнага жыцця. Што наўрад ці надасць ў перспектыве вялікі патэнцыял гэтаму палітыку», — растлумачыў Віктар Карняенка.

Тым не менш, намеснік кіраўніка Руху «За Свабоду» заявіў, што для адмовы ад удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі ў Аляксандра Мілінкевіча былі аб’ектыўныя прычыны. «Гэта мэтанакіраваная траўля Мілінкевіча на працягу апошняга года. Неразуменне многімі палітыкамі вастрыні моманту. Усё гэта, вядома, прысутнічае. Але нават пры ўсіх гэтых раскладах, на мой погляд, лідару «За Свабоду» трэба было заставацца флагманам патрыятычнага руху», — адзначыў Віктар Карняенка.

Па словах намесніка Аляксандра Мілінкевіча, падчас перадвыбарчай кампаніі члены Руху «разыдуцца па розных прэтэндэнтах і кандыдатах». «Што тычыцца мяне, то я не буду ўдзельнічаць у кампаніі ні аднаго з кандыдатаў, але таксама не застануся ў баку ад палітычнага жыцця. Хаця, безумоўна, гэтую дзейнасць цяжка будзе назваць актыўнай. Я маю даручэнне рады руху разам з астатнімі апазіцыйнымі структурамі праводзіць працу па вылучэнні ў выбарчыя камісіі і агульным актыўным назіранні. Каб спыніць факты фальсіфікацый. Калі спыніць іх будзе немагчыма, то зафіксаваць, а вынікі даць і незалежным назіральнікам, і міжнародным», — распавёў Віктар Карняенка.

Как вам новость?
Головоломки