Карняенка: Рух "За Свабоду" можа самараспусціцца

12.08.2010 17:23
Архив Редакция

Намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Віктар Карняенка заявіў, што як толькі мэты арганізацыі будуць дасягнутыя, то Рух "За Свабоду" будзе пераглядаць далейшы шлях свайго існавання. Пры гэтым нельга выключаць і магчымасці самароспуску арганізацыі. Адной з такіх мэтаў апазіцыйны палітык лічыць правядзенне справядлівых дэмакратычных выбараў.

Віктар Карняенка не бачыць ніякіх шанцаў у тым, што на зварот Аляксандра Мілінкевіча (лідар Руху «За Свабоду») у парламент будзе станоўчае рашэнне і не падзяляе гэтую ініцыятыву. Па словах намесніка старшыні «За Свабоду», Мілінкевіч падаваў ліст не ад руху, а ад сябе асабіста, перадае Euramost.org.

Віктар Карнеенка лічыць, што ўлада магла б пайсці на рэальныя змены ў Выбарчы кодэкс толькі ў тым выпадку, калі да гэтага яе вымусілі абставіны. «У першую чаргу — сацыяльна-эканамічныя праблемы, і ўлада моцна залежала б ад знешніх ацэншчыкаў палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Але, напэўна, да цяперашніх выбараў такой сітуацыі не будзе», — адзначыў апазыцыйны палітык.

Карняенка: апазіцыя больш змагаецца з Мілінкевічам, чым з уладай

Віктар Карняенка лічыць, што ў наяўных умовах апазіцыі будзе даволі складана падняць уласны рэйтынг сярод насельніцтва. «Трэба выкарыстоўваць тыя магчымасці, якія ёсць — хадзіць у народ ад дзвярэй да дзвярэй, рыхтаваць улёткі… Зразумела, што гэта не тэхналагічна, але, на жаль, іншых спосабаў я не бачу. Але ў пэўны момант усё будзе залежаць ад таго, наколькі актыўная частка грамадства падтрымае апазіцыю», — адзначае палітык.

На думку Віктара Карняенкі, рэальную альтэрнатыву дзейнай улады народ бачыў толькі ў 2006 годзе, калі быў адзіны кандыдат у прэзідэнты. Аднак з тых часоў апазіцыя страціла былы ўплыў.

«Усё пачалося з пачатку, пайшло нейкае сустаршынства, палітыканства, гульня ў самадастатковыя структуры. У выніку маем тое, што маем — сёння апазіцыя змагаецца паміж сабой, у той час як улада адпачывае. Дарэчы, тут і СМІ (у тым ліку, і незалежныя) адыгрываюць сваю ролю. З 2006 года барацьба з Аляксандрам Мілінкевічам вядзецца значна больш жорсткая, чым з уладамі», — адзначыў палітык.

На думку Віктара Карняенкі, гэта стварае непрывабны імідж і ў беларускіх выбаршчыкаў, і ў міжнароднай грамадскасці. «Вось гэта самая вялікая памылка апазіцыі, якая не можа паспяхова падымацца па лесвіцы. Таму што пасля паспяховага кроку наперад абавязкова трэба ўсё разбурыць. Магчыма, кагосьці такая сітуацыя задавальняе. Пазаймалі свае палітычныя нішы, займелі партнёраў, вельмі разгубіліся, калі пазбавіліся манаполіяў на стасункі з Захадам. І вынік не прымусіў сябе доўга чакаць», — адзначыў Віктар Карняенка.

Як раней паведамляў Тэлеграф, лідар Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч звярнуўся ў парламент з заклікам прыняць папраўку ў Выбарчы кодэкс, якая гарантуе прадстаўнікам кандыдатаў удзел у падліку галасоў. Адпаведны ліст беларускі апазіцыйны палітык адрасаваў старшыню Палаты прадстаўнікоў Уладзіміру Андрэйчанку.

Как вам новость?
Головоломки