Карняенка заклікае апазіцыю змяніць фармат правядзення акцый

04.03.2010 16:31
Архив Редакция

Апазіцыі варта перагледзець сваю тактыку правядзення вулічных акцый, заявіў намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Віктар Карняенка. Каб вярнуць свае пазіцыі пачатку 1990-х гадоў, «апазіцыя павінна даказаць, што яна дзеяздольная і можа штосьці зрабіць у плане змены сітуацыя», адзначыў палітык.

«Людзі проста стаміліся ад крэатыўных вулічных акцый, якія не маюць выніку… Нас пабілі – вось і дзейнасць. Але вынік які? Падтрымкі ад людзей пры такім раскладзе ад народа не дачакаемся», — адзначыў Віктар Карняенка ў інтэрв’ю Euramost.org.

«Ёсць шмат памылак палітычнай апазіцыі, якая «адпрацоўвала каляндар», але мала было пераканаўчых аргументаў пра сваю дзейнасць для грамадзян. Напрыклад, не скажу, што ў тым жа 2006-м годзе была бліскучая перадвыбарная кампанія, але не было такой дэпрэсіі, як у 2001. Быў вызначаны палітычны ўздым. І можна было яго развіваць. Але што адбылося? Лідары партый пасля выбараў 2006 года вырашылі ўсё пачаць з нуля. А грамадства не прабачае такія памылкі. Яно ўбачыла раскол у апазіцыі, і гэтым, напэўна, таксама тлумачыцца зніжэнне актыўнасці людзей,» — заўважыў Віктар Карняенка.

Карняенка: святкаванне Дня Волі пройдзе незалежна ад колькасці людзей, якія будуць ўдзельнічаць у акцыі.

Акцыя, прымеркаваная да Дня Волі, сёлета пройдзе незалежна ад ліку людзей, якія будуць у ёй удзельнічаць. «Дзень волі – гэта святое, і святкаваць яго мы будзем незалежна ад таго, колькі прыйдзе людзей», — заявіў Віктар Карняенка.

У планах арганізатараў акцыі правесці святочны канцэрт з мэтай звярнуць увагу грамадскасці на Дзень Волі і гістарычныя падзеі, з ім звязаныя. Саму акцыю апазіцыя збіраецца правесці ўрачыста і мірна, без канфрантацыі з прадстаўнікамі ўлады, адзначыў намстаршыні Руху «За Свабоду».

Тэхнічныя пытанні правядзення акцыі было вырашана ўскласці на прадстаўнікоў гарадскіх апазіцыйных структур. Асаблівасцю дадзенай акцыі з’яўляецца правядзенне яе падчас перадвыбарнай кампаніі. Таму ў святкаванні прымуць удзел і кандыдаты ў дэпутаты. Першапачатковы маршрут акцыі вызначаны ад «Акадэміі навук да сквера Янкі Купалы, але па выніках разгляду заяўкі можна будзе казаць пра штосьці больш канкрэтна», адзначыў Віктар Карняенка.

Як паведамляў ранне Тэлеграф, трэцяга сакавіка была пададзена заяўка ў Мінскі гарвыканкам на правядзенне Дня Волi. Святкаванне Дня Волі звязана з абвяшчэннем незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года. Заяўку на правядзенне акцыі падпісалі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Віктар Карняенка, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, лідар «Правага альянсу» Юрась Карэтнікаў, кіраўнік Мінскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч і лідар «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч. Першыя кансультацыі па правядзенні Дня Волi адбудуцца ў Мінску пятага сакавіка ў фармаце «Беларускага незалежніцкага блока».
 

Как вам новость?
Головоломки