Карпунін: Беларусь дасягне "дна" крызісу 22 красавіка

23.03.2010 18:38
Архив Редакция

Віцэ-старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Андрэй Карпунін назваў дату дасягнення Беларуссю "дна" крызісу. Па словах эксперта, пік крызісу ў Беларусі чакаецца ў канцы красавіка. "Краіна дасягне "дна" 22 красавіка", — лічыць Андрэй Карпунін.

«Зараз у Беларусі падаткі можна плаціць не толькі памесячна, але і паквартальна, — адзначае эксперт. — Шматлікія прадпрыемствы для папаўнення бягучай «звароткі» гэтым правам скарысталіся і падаткі за студзень і люты не плацілі. Канчатковы дзень выплаты падаткаў за першы квартал — 22 красавіка».

Па словах Андрэя Карпуніна, тым часам «з прадпрыемстваў адбудзецца адток сродкаў у патройным памеры». «Эканоміка рэальна адчуе адсутнасць «зваротк» і грашовай масы», — абгрунтоўвае свой прагноз віцэ-старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў, перадае «Заўтра тваёй краіны».

Эксперт лічыць, што «вырашаць узніклую праблему дзяржава будзе, прынамсі, 30 дзён».

Ракавая: Беларусь дасягне «дна» крызісу не раней за 2011 год

Аднак шматлікія эксперты з такім прагнозам не згодны: па падліках адных — «на дне» Беларусь апынецца крыху пазней, іншыя сцвярджаюць, што самае страшнае ўжо ззаду. Так, эканаміст Даследчага цэнтра Інстытута прыватызацыі і мэнэджменту, кандыдат эканамічных навук Алена Ракавая мяркуе, што «Беларусь дасягне «дна» крызісу не раней за 2011 год, калі краіне трэба будзе выплачваць крэдыты Расіі, МВФ, Венесуэле».

«Думаю, да гэтага часу сітуацыя з экспартам, прынамсі, не палепшыцца. Сусветны крызіс, па ўсёй бачнасці, чакае другая хваля, а ў Беларусі яшчэ і свая крызісная сітуацыя», — адзначае Алена Ракавая, дадаўшы пры гэтым, што адна з прычынаў змрочнай будучыні ў тым, што беларускія ўлады не змаглі правесці выразную антыкрызісную палітыку.

«Экспартаваць становіцца ўсё складаней, вонкавыя субсідыі скарачаюцца, а ўлады дагэтуль не жадаюць займацца рэальным антыкрызісным мэнэджментам, нічога не робяць з буйнымі прадпрыемствамі. Па-ранейшаму ідзе каманда выпускаць МАЗы, трактары ў надзеі, што ўсё абыйдзецца, і мы зможам іх прадаць», — сказала эканаміст.

Алена Ракавая прагназуе, што «да 2011 году ў найболей цяжкай сітуацыі, акрамя машынабудавання, апынецца і харчовая прамысловасць, кошты на прадукцыю якой і без таго ўжо вельмі высокія».

Кавалёў: самы цяжкі перыяд беларуская эканоміка ўжо прайшла

У сваю чаргу, дэкан эканамічнага факультэта БДУ прафесар Міхаіл Кавалёў мяркуе, што самы цяжкі перыяд беларуская эканоміка ўжо прайшла. Эксперт спаслаўся на статыстычныя дадзеныя за студзень-люты, паводле якіх беларускі экспарт пачаў расці, і ў Беларусі ўтварылася станоўчае гандлёвае сальда.

Міхаіл Кавалёў лічыць, што да сярэдзіны гэтага года «эканамічная сітуацыя ў параўнанні з цяперашняй часткова палепшыцца». «Наступ «дна» крызісу залежыў не ад нас, а ад рынкаў збыту нашай прадукцыі. «Дно» крызісу ў Расіі было пройдзена ў сярэдзіне мінулага года, цяпер Расія пачала павялічваць закупы імпарту. Падстаў для празмернага песімізму ў Беларусі няма», — упэўнены дэкан эканамічнага факультэта БДУ.

Как вам новость?
Головоломки