Кастусёў мае намер абскардзіць вынікі выбараў

22.12.2010 10:12
Архив Редакция

Экс-кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў мае намер 22 снежня падаць у Цэнтральную выбарчую камісію Беларусі заяву аб прызнанні вынікаў прэзідэнцкіх выбараў несапраўднымі. «Гэта заява мною ўжо падпісана. Аднак да яе неабходна падрыхтаваць дадатак, які пацвярджае факты парушэнняў, якія былі зафіксаваныя ў працэсе выбарчай кампаніі», — паведаміў палітык.

Па словах былога кандыдата ў прэзідэнты, над складаннем дадатку працуюць штабы ўсіх альтэрнатыўных кандыдатаў, перадае БелаПАН.

«Гэта працаёмкі працэс — сабраць відэазапісы парушэнняў, іншыя матэрыялы. Юрысты абяцалі скончыць гэтую працу сёння, але не паспелі. Сказалі, што скончаць заўтра», — паведаміў Рыгор Кастусёў 21 снежня.

У той жа дзень сакратар ЦВК Мікалай Лазавік заявіў аб тым, што ніхто з былых кандыдатаў у прэзідэнты не абскардзіў вынікі выбараў. Тым часам, падобную скаргу яны могуць падаць у ЦВК на працягу трох дзён пасля выбараў, прычым асабіста. Таксама кандыдат мае права аспрэчыць рашэнне Цэнтрвыбаркама ў Вярхоўным судзе на працягу дзесяці дзён.

«Думаю, скаргі ўжо наўрад ці паступяць», — заявіў Мікалай Лазавік.

Как вам новость?