Кастусёў сабраў неабходныя 100 тыс. подпісаў

26.10.2010 16:56
Архив Редакция

Па стане на вечар 25 кастрычніка ініцыятыўная група па зборы подпісаў у падтрымку намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва сабрала 101,2 тыс. подпісаў. Гэтай колькасці дастаткова для рэгістрацыі намеснік старшыні партыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць сабраную колькасць подпісаў у падтрымку Рыгора Кастусёва «выдатным вынікам». «Фактычна, Партыя БНФ даказала, што ў беларускай палітыцы нацыянальная ідэя для многіх з’яўляецца моцным матывавальным фактарам», — заявіў лідар партыі.

«Я сапраўды вельмі ўдзячны ўсім нашым рэгіянальным актывістам, якія ў гэтых цяжкіх умовах не спакусіліся на штучна інфармацыйна надзьмутыя безыдэйныя палітычныя праекты. Менавіта такія людзі на працягу папярэдніх стагоддзяў адстойвалі незалежнасць айчыны і пісалі сапраўдную гісторыю Беларусі. Дзякуючы такім людзям мы маем сёння незалежную дзяржаву», — падкрэсліў Аляксей Янукевіч.

Ініцыятыўная група Рыгора Кастусёва пакуль не спыняе збору подпісаў, распавялі ў прэс-службе ПБНФ. «З заўтрашняга дня мы пачынаем здачу подпісаў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Гэта таксама надзвычай адказны этап кампаніі, і сёння асноўная задача штаба — забяспечыць, каб усе сабраныя подпісы ва ўсіх раёнах Беларусі — а геаграфія збору подпісаў Партыі БНФ самая шырокая з усіх дэмакратычных кандыдатаў — былі своечасова здадзены ў выбарчыя камісіі», — адзначыў Аляксей Янукевіч.

Дзесяць прэтэндэнтаў ўжо сабралі неабходныя 100 тыс.

Такім чынам, неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Беларусі 100 тыс. подпісаў сабралі ўжо дзесяць прэтэндэнтаў. Так, індывідуальны прадпрымальнік з Віцебску Уладзімір Правальскі 26 кастрычніка паведаміў, што яго ініцыятыўная група пераадолела стотысячны рубеж, перадае БелаПАН.

Днём раней, 25 кастрычніка, аналагічныя заявы зрабілі лідар аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч, кіраўнік саюза «За мадэрнізацыю» Алесь Міхалевіч і дырэктар ТДА «Трывіум» Дзмітры Ус.

Акрамя таго, неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты подпісы сабралі ініцыятыўныя групы дзейнага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, лідара кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука, лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава і старшыні Савета Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Віктара Цярэшчанкі.

Как вам новость?
Головоломки