Кастусёў: за мяне могуць прагаласаваць 30% выбаршчыкаў

18.10.2010 15:01
Архив Редакция

Патэнцыйны кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў лічыць, што за яго можа прагаласаваць каля 30% выбаршчыкаў. «Але гэта пры ўмове, што мая група падтрымкі папрацуе паспяхова. І, зразумела, пры ўмове, што не будзе фальсіфікацыі. У адваротным выпадку распарадзяцца мне намаляваць некалькі адсоткаў, і ўсё», — сказаў апазіцыйны палітык.

Паводле слоў Рыгора Кастусёва, збор подпісаў для яго рэгістрацыі ў якасці кандыдата ідзе па запланаваным графіку. «Сур’ёзных праблемаў няма. Спачатку мы планавалі набраць 110 тыс. подпісаў (100 тыс. абавязковых і 10 тыс. — пра запас). Мяркуючы па тым, як ідзе збор подпісаў, мы на запланаваныя лічбы выходзім», — распавёў апазіцыйны палітык, перадае сайт АДС.

На ідэі адзінага кандыдата ад апазіцыі на будучых выбарах прэзідэнта, на думку Рыгора Кастусёва, пакуль рана ставіць крыж. «Мне ідэя адзінага кандыдата падабаецца, я быў яе прыхільнікам, але тут ёсць шмат «але». Для мяне як прэтэндэнта ад ізгоя БНФ ёсць рэчы, ад якіх я не адмоўлюся. Гэта беларускасць, незалежнасць, беларуска-еўраінтэграцыйны шлях. А цяпер удзельнікамі прэзідэнцкай кампаніі разглядаецца два напрамкі. Гэта беларуска-еўрапейскі напрамак і напрамак, які імкнецца да расійскага вектару развіцця. Вось у апошнім вектары мяне не ўсё задавальняе», — адзначыў апазіцыйны палітык.

Кастусёў: пасля выбараў нас могуць пасадзіць

Рыгор Кастусёў лічыць, што па-ранейшаму існуе пагроза фальсіфікацыі выбараў. «І мы не выключаем, што зноў будзем удзельнічаць у акцыях пратэсту. Але для гэтага спачатку трэба паўдзельнічаць у выбарах, — сказаў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта. — Сёння, на мой погляд, рэальная падтрымка ў Лукашэнкі 25-30% выбаршчыкаў. Гэта яго заўзятыя прыхільнікі, і гэта тое, што я бачу. Столькі ж прыхільнікаў, па маіх прыкідках, у апазіцыі. Ва ўсіх кандыдатаў. А астатнія 40-50% яшчэ не вызначыліся, хаця і жадаюць пераменаў. Вось з імі і трэба працаваць».

«Магчымасць акцый не выключаецца. І пасадзіць могуць. Жыццё можа павярнуцца ў любым напрамку, але калі думаць пра дрэннае, то лепш сядзець на печы і парады ўсім даваць. Як многія і робяць. А трэба — працаваць», — лічыць прэтэндэнт ад партыі БНФ.

Как вам новость?