Казулін адмовіўся балатавацца ў прэзідэнты Беларусі

14.06.2010 11:05
Архив Редакция

Апазіцыйны палітык Аляксандр Казулін у праграме, прысвечанай будучым прэзідэнцкім выбарам у Беларусі, на радыёстанцыі "Эхо Москвы" заявіў, што не будзе ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. "Я пакуль не збіраюся на іх (выбары) ісці. Таму я не ведаю, хто ў каго будзе супернікам", — сказаў Аляксандр Казулін, адказваючы на пытанне журналіста адносна канкурэнтаў у прэзідэнцкіх выбарах.

«Уся справа ў тым, што я маю вопыт і дастаткова сур’ёзны. І магу ўдзельнічаць у выбарах толькі, калі я разумею, што можна, сапраўды, вырашаць нейкія сур’ёзныя пытанні, дасягаць выніку і прывесці да зменаў, якія наспелі ў нашым грамадстве» — абгрунтаваў сваю пазыцыю беларускі палітык.

Таксама былы рэктар БДУ адзначыў, што калі казаць пра перамогу, то «як раз усе разумеюць, што рэальнай магчымасці ў сённяшняй улады дамагчыся рэальнай перамогі практычна няма».

Яшчэ ў траўні Аляксандр Казулін заяўляў пра свае намеры балатавацца на пасаду прэзідэнта ў будучай выбарчай кампаніі. На пытанне аб тым, што так рэзка паўплывала на ягонае рашэньне адмовіцца ад удзелу ў выбарах, палітык выразнага адказу не даў.

Как вам новость?
Головоломки