Казулін: Еўропа шакаваная падзеямі ў Беларусі

13.01.2011 10:18
Архив Редакция

Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2006 года Аляксандр Казулін пасля сустрэчы з прадстаўнікамі Еўрасаюза 12 студзеня заявіў, што еўрапейскія парламентарыі шакаваныя падзеямі 19 снежня. Па словах палітыка, Еўропа не можа працягваць ранейшую палітыку ў дачыненні да Беларусі і вымушана яе перагледзець.

Старшыня партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, таксама прысутнічаў на сустрэчы з еўрапарламентарыямі, адзначыў іх высокую зацікаўленасць у змене сітуацыі ў Беларусі, паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода».

«Яны вельмі абураныя тым, што адбылося ў Беларусі, і сёння адзіныя ў тым, што як мага хутчэй павінны быць вызваленыя тыя, хто сядзіць за кратамі, павінны быць спыненыя рэпрэсіі. Яны кажуць, што будуць рашуча прымаць усе меры, якія ёсць ў распараджэнні Еўрасаюзу, каб вырашыць гэтую праблему і вярнуць Беларусь на шлях дэмакратыі», — паведаміў Сяргей Калякін.

Тым не менш, па словах палітыка, канкрэтных дзеянняў з боку ЕС можна чакаць крыху пазней, бо наперадзе еўрапарламентарыяў чакае пасяджэнне рады міністраў замежных спраў краін ЕС. Сяргей Калякін падкрэсліў, што ЕС выступае за тое, каб санкцыі ў дачыненні да Беларусі не закранулі простых грамадзян.

Лідар «Справядлівага свету» таксама паведаміў, што на сустрэчы з парламентарыямі ЕС закраналася тэма адносін Беларусі і Расіі. «У тым ліку абмяркоўвалася і тое, што паслы Беларусі, акрэдытаваныя ў краінах ЕС, даслалі лісты, у якіх яны проста шантажуюць Еўрасаюз. Яны пішуць, што калі ЕС будзе прымаць нейкія жорсткія меры, то Беларусь апынецца ў абдымках Расіі. Гэта проста шантаж, і еўрадэпутаты гэта разумеюць. Гаварылася пра тое, што трэба сінхранізаваць сваю дзейнасць у тым ліку і з Расіяй. Былі і тыя, хто казаў, што тое, што адбылося, — на руку Расіі і нібыта нават справакавана расійскім бокам», — распавёў Сяргей Калякін.