КДБ Беларусі вызваліў літоўскага начальніка паліцыі

26.08.2010 08:46
Архив Редакция

Камітэт дзяржаўнай бяспекі выпусціў на свабоду затрыманага каля паўтара тыдні таму на Гарадзенскай мытні з наркотыкамі ротнага камандзіра муніцыпальнай коннай паліцыі пры Віленскім галоўным камісарыяце Лайманаса Банкаўскаса. Пра гэта паведамілі ў цэнтры інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі.

Як растлумачылі ў ЦІГС КДБ, следчы тэрытарыяльнага органа КДБ Рэспублікі Беларусь вызваліў грамадзяніна Літвы з-пад варты ў адпаведнасці з ч.4 арт.119 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі па ўзгадненні з пракуратурай Гарадзенскай вобласці.

Дадзены артыкул прадугледжвае, што мера стрымання адмяняецца, калі ў ёй адпадае далейшая неабходнасць, або змяняецца на больш строгую або больш мяккую, калі гэта выклікаецца абставінамі крымінальнай справы.

Мяркуецца, што пасля прывядзення дакументаў у парадак, Лайманас Банкаўскас вернецца ў Літву 26 жніўня, перадае DELFI. Прэс-сакратар прэзідэнта Літвы Лінас Бальсіс 25 жніўня ўвечары сказаў BNS, што начальнік літоўскай коннай паліцыі ўжо знаходзіцца ў консульстве Літвы ў Горадні.

«Ужо ў пачатку гэтай гісторыі я звярнулася да кіраўніцтва Беларусі, заклікаючы як можна аператыўней і аб’ектыўней расследаваць сітуацыю і выказала ўстаноўку, што гэты інцыдэнт не павінен перашкодзіць развіццю двухбаковых адносінаў. Суседняя краіна гэта пачула і прыняла рашэнне перадаць затрыманага Літве, я ацэньваю гэта як вынік паслядоўнага паляпшэння стасункаў», — заявіла, у сваю чаргу, Даля Грыбаўскайце.

Як раней паведамляў Тэлеграф, 25 жніўня прэзідэнт Літвы заявіла, што чакае «добрых навінаў» з Беларусі аб затрыманым ротным камандзіры муніцыпальнай коннай паліцыі пры Віленскім галоўным камісарыяце Лайманасе Банкаўскасе.

Кіраўніца літоўскай дзяржавы адзначыла, што на дзяржаўным узроўні адносіны паміж дзвюма суседнімі краінамі хутка паляпшаюцца і на фоне гэтага паляпшэння яна спадзяецца на атрыманне навінаў.

Лайманаса Банкаўскаса затрымалі на літоўска-беларускай мяжы 15 жніўня. Падчас дагляду аўтамабіля літоўскага грамадзяніна пад абіўкай пярэдняга пасажырскага сядзення знайшлі невялікі пакет з наркатычным рэчывам. Па выніках экспертызы высветлілася, што гэта метамфетамін вагой 45,5 грамаў.

Сам літоўскі паліцэйскі ўсе абвінавачанні на свой адрас адмаўляе і называе сваё затрыманне правакацыяй.

Как вам новость?
Головоломки