КДБ дапытаў апазіцыянера пра аўтарства творы Купалы

01.02.2011 11:07
Архив Редакция

Супрацоўнікі КДБ прачыталі верш беларускага паэта Янкі Купалы "На сход" у канфіскаваным пры ператрусе 15 студзеня кампутары старшыні магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Змітра Салаўёва. Актывіста выклікалі на допыт 31 студзеня і спыталіся ў яго, "хто падрыхтаваў гэта дакумент і каму ён належыць".

Гэтае пытанне апазіцыянеру задаў следчы УКДБ па Магілёўскай вобласці Андрэй Махуноў, на допыце да якога Зміцер Салаўёў атрымаў позву, дастаўленую пад распіску, у той жа дзень. Маладога чалавека выклікалі ў КДБ як сведку па справе аб масавых беспарадках 19 снежня.

«Следчы задаваў пытанні, ці бачыў я тых, хто біў шкло, ці ведаю я іх. Я адказваў, што не, не бачыў і не ведаю. Да біцця шыбаў ніхто не заклікаў», — цытуе прадстаўніка БНФ БелаПАН.

Зміцер Салаўёў таксама паведаміў, што допыт доўжыўся каля дзвюх гадзін, вялікая частка часу спатрэбілася для складання пратаколу допыту. Пытанні, якіх было каля пятнаццаці, і адказы на іх запісваў асабіста актывіст. Допыт вёўся па-беларуску.

Даведка Тэлеграфа: беларускі паэт Янка Купала, сапраўдныя імя і прозвішча якога Іван Луцэвіч, (1882-1942) быў актыўным дзеячом беларускага нацыянальнага руху першай паловы 20-га стагоддзя. У 1925 годзе ён першым быў уганараваны званнем Народнага паэта Беларусі. У 1930 годзе НКВД прыпісвалі яму кіраўніцтва неіснуючым «Саюзам вызвалення Беларусі». У 1942 годзе паэт трагічна загінуў у Маскве (па адной з версіі быў забіты супрацоўнікамі НКУС). 

Как вам новость?