КДБ пагражае Калякіну пазбаўленнем волі за "дыскрымінацыю Беларусі"

17.03.2011 11:28
Архив Редакция

КДБ Беларусі 16 сакавіка афіцыйна папярэдзіў старшыню Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргея Калякіна аб недапушчальнасці распаўсюду ім недакладных звестак. У выпадку працягу супрацьпраўнай дзейнасці, яго могуць прыцягнуць да адказнасці па арт. 369-1 КК Беларусі (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), якая прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Папярэджанне палітык атрымаў пасля чатырох гадзін допыту па «справе 19 снежня». Яго падпісаў намеснік старшыні КДБ Віктар Вягера. Сяргею Калякіну інкрымінуюць «здзяйсненне супрацьпраўных дзеянняў, якія выявіліся ў прадстаўленні прадстаўніку замежнай дзяржавы 28 снежня 2010 года ў г. Мінску дэпутату Бундэстага М-Л. Бэк (Мары-Луізэ Бэк — Тэлеграф) недакладных звестак, якія наносяць пагрозу нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь», — перадае сайт АДС.

«Тая гутарка з дэпутатам Бундэстага была публічнай гутаркай і тычылася ацэнкі падзей, якія адбыліся 19 снежня. Я выказваў свой пункт гледжання на тое, што адбылося. Канстытуцыя гарантуе кожнаму грамадзяніну права на свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне», — адзначыў палітык.

Лідар «Справядлівага свету» Сяргей Калякін паведаміў, што крымінальная справа, узбуджаная па артыкуле «масавыя беспарадкі» супраць удзельнікаў акцыі 19 снежня 2010 года, неправамерная. «Лічу, што неабходна было ўзбудзіць справы па зусім іншых артыкулах КК: у адносiнах да хуліганства суб’ектаў, якія насамарэч білі шкло ў Доме ўрада і ў дачыненні да тых службовых асобаў з праваахоўных органаў, якія выявілі злачынную халатнасць і не спынілі дзеянні хуліганаў, якія маглі перарасці ў масавыя беспарадкі. Іх нядбалая бяздзейнасць увогуле магла прывесці да надзвычайнай сітуацыі», — адзначыў Сяргей Калякін.

Таксама палітык падчас сустрэчы з нямецкім дэпутатам выказваў сваю ацэнку праведзеных у краіне прэзідэнцкіх выбараў. «Ну, напрыклад, інфармацыю аб тым, што айчынныя і міжнародныя назіральнікі не былі дапушчаныя да рэальнага назірання за падлікам галасоў, ніяк нельга назваць загадзя ілжывымі звесткамі, якія могуць пагражаць нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. У адваротным выпадку пад дзеянне гэтага артыкула падпадае большасць выбарчых камісій, якія перашкодзілі назіральнікам рэалізаваць гэта законнае права», — лічыць ён.

Сяргей Калякін паведаміў, што «выказаў сваю нязгоду з вынесеным папярэджаннем» і паспрабуе «абскардзіць яго ва ўстаноўленым законам парадку». «Спроба» прышыць «арт. 369-1 КК да законнай палітычнай дзейнасці, гарантаванай Канстытуцыяй, можна разглядаць, як аказанне ціску», — сказаў лідар беларускіх левых, адзначыўшы, што, на яго думку, уладам не падабаецца яго «актыўная дзейнасць па вызваленні тых людзей, якія знаходзяцца ў следчых ізалятарах».

Как вам новость?