КДБ паказаў Някляева адвакатам

28.12.2010 11:41
Архив Редакция

Да экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева ўвечары 27 снежня ўпершыню дапусцілі яго адвакатаў Тамару Сідарэнка і Уладзіміра Букштынова. Як яны сцвярджаюць, палітык адчувае сябе «не вельмі нармальна, але і не вельмі дрэнна». Аднак пагаварыць сам-насам з падабаронным юрыстам не ўдалося — яны толькі ўбачылі яго падчас допыту.

Гэты допыт доўжыўся «не менш за чатыры гадзіны», распавяла БелаПАН Тамара Сідарэнка.

«Мы прыйшлі абое, каб Уладзімір Някляеў нас убачыў і мы яго ўбачылі. Нас выклікалі на следчыя дзеянні — допыт. Мы былі гэтаму вельмі радыя. Слава Богу, Някляеў жывы, не інсульт, не інфаркт, не сардэчныя прыступы. Наступствы гематомы ад удару ў вока ёсць, гэта відаць. Скачкі ціску былі, яшчэ на волі ён прымаў нейкія таблеткі, і цяпер ён іх атрымаў. Ціск трошкі нармалізаваўся. Галава пабольвае. Наступствы удараў, вядома, засталіся. Натуральна, стаміўся. Г.зн. стан здароўя не вельмі нармальны, але і не сама дрэнны», — праінфармавала юрыстка.

Яна таксама паведаміла жонцы Уладзіміра Някляева Вользе, што неабходна перадаць палітыку. «Асаблівых просьбаў не было. Пагаварыць сам-насам мы не змаглі. Ішоў допыт, мы на ім прысутнічалі, і Някляеў павінен быў даваць тлумачэнні. Але па ходзе мы размаўлялі, крыху палумачылі, што адбываецца. Супакоілі, што дома ўсё нармалёва», — адзначыла Тамара Сідарэнка.

Як распавяла праваабаронца, экс-кандыдат заявіў, што ні фізічны, ні псіхічны гвалт у адносінах да яго ў СІЗА не выкарыстоўваўся. «Мы і самі трошкі супакоіліся. Па паводзінах нармальны, адэкватна ўсё ўспрымае», — дадала яна.

Аднак Тамары Сідарэнка невядома, наколькі часта адвакаты змогуць сустракацца з Уладзімірам Някляевым ў будучыні. Яна мяркуе, што, магчыма, гэта будзе падчас наступнага допыту палітыка ў якасці падазраванага, а таксама ў час допыту ў якасці абвінавачанага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. У якасці падазраваных у дадзенай справе фігуруе яшчэ 24 чалавекі. З іх шасцёра — іншыя кандыдаты ў прэзідэнты: Рыгор Кастусёў, Аляксей Міхалевіч, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч і Дзмітры Ус.

«Гэта значыць, могуць быць яшчэ дзве сустрэчы па лініі следчых органаў. Што тычыцца прарыву нас як чыста адвакатаў на гутарку ў рамках асобнага кабінета, то, шчыра кажучы, я ўжо надзею страціла, тры дні прасядзелі. Я бачу, як мае калегі спрабуюць патрапіць і не вельмі атрымліваецца. Гэта не ўсяляе ўпэўненасці, што мы сустрэнемся з Някляевым адзін на адзін. Але, прынамсі, радасна тое, што падчас допыту мы будзем яго бачыць і чуць, зможам нешта спытаць», — патлумачыла Тамара Сідарэнка.

Вольга Някляева: адвакатаў да мужа дапусцілі занадта позна

У сваю чаргу Вольга Някляева таксама заявіла БелаПАН, што задаволеная допускам адвакатаў да мужа, аднак, на яе думку, гэта адбылося вельмі позна. Жанчыну таксама вельмі турбуюць скаргі мужа на стан яго здароўя.

Вольга Някляева мяркуе, што на допуск адвакатаў паўплывала яе заява ў Генеральную пракуратуру і КДБ, перададзенае раніцай 27 снежня, з патрабаваннем «паказаць людзям Някляева». Таксама, лічыць жонка былога кандыдата, на сітуацыю аказала ўплыў і рэакцыя грамадскасці. Жанчына плануе пракансультавацца з адвакатамі наконт далейшых дзеянняў.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў моцна пацярпеў пры сутычцы са спецназам 19 снежня, палітыка павезлі ў лякарню хуткай дапамогі, адкуль затым выкралі невядомыя.

Аляксандр Лукашэнка 20 снежня заявіў, што Уладзімір Някляеў знаходзіцца ў следчым ізалятары. Паколькі да палітыка не прапускалі яго адвакатаў, беларускія культурныя дзеячы і Вольга Някляева раніцай 27 снежня падалі ў КДБ і Генпракуратуру заяву з патрабаваннем паказаць былога кандыдата ў прэзідэнты.

Как вам новость?