КДБ правёў ператрус у рэдакцыі "Барысаўскіх навінаў"

10.01.2011 17:08
Архив Редакция

Супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі правялі ператрус у рэдакцыі газеты "Борисовские новости" і канфіскавалі ўсю аргтэхніку. Пра гэта паведаміў супрацоўнік газеты Алесь Нікалайчанка.

Ператрус у рэдакцыі «Борисовских новостей» пачаўся раніцай 10 студзеня. Па словах журналіста, пастанова на правядзенне вобшуку было выдадзена Барысаўскім міжраённым аддзялення Камітэту дзяржаўнай бяспекі, перадае БелаПАН.

«Афіцыйна ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы аб беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года. Але ў мяне склалася ўражанне, што следчых цікавіла ўсё, што звязана з выхадам газеты», — адзначыў Алесь Нікалайчанка.

Па словах журналіста, следчыя апісалі і канфіскавалі ўсю аргтэхніку. «Канфіскаваныя не толькі сістэмныя блокі камп’ютараў. Забраныя камп’ютарныя мышкі, клавіятуры, маніторы. Забралі нават прынтар і тэлефон-факс. Усё, што ў нас тут засталося з электрапрыбораў, — гэта электрычны чайнік», — сказаў супрацоўнік газеты.

Як паведаміў Алесь Нікалайчанка, пасля ператрусу ў рэдакцыі следчыя накіраваліся дадому да рэдактара газеты Анатоля Букаса, каб правесці ператрус у яго.