КДБ: у Беларусі затрымалі кур'ераў, якія вазілі грошы для апазіцыі

24.11.2010 17:18
Архив Редакция

Старшыня Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі Вадзім Зайцаў 24 лістапада паведаміў, што праваахоўныя органы затрымалі ў краіне некалькі кур'ераў, якія спрабавалі з-за мяжы даставіць грошы для апазіцыі. Кіраўнік КДБ паабяцаў пасля заканчэння расследавання апублікаваць падрабязнасці гэтай справы.

Каментуючы ў цэлым становішча ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў Вадзім Зайцаў адзначыў, што з пункту гледжання спроб ўмяшання звонку ва ўнутраныя справы Беларусі «рэальных знешніх пагрозаў няма». Старшыня КДБ ацэньвае сітуацыю ў краіне як «спрыяльную і спакойную», перадае БелТА.

У той жа час міністр унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў 24 лістапада заявіў, што праваахоўныя органы працягваюць фіксаваць правапарушэнні ў ходзе перадвыбарчай агітацыі. Неправамерныя дзеянні з боку кандыдатаў, іх давераных асоб, якія праводзяць агітацыю ў розных рэгіёнах краіны, супрацоўнікі міліцыі фіксуюць і перадаюць інфармацыю ў Цэнтральную выбарчую камісію.

Міністр унутраных спраў таксама нагадаў, што некаторыя кандыдаты плануюць арганізаваць масавую несанкцыянаваную акцыю на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Па словах кіраўніка МУС, міліцыя будзе ўважліва сачыць за акцыяй і прыкладзе ўсе сілы да таго, каб не рэагаваць на правакацыі.

«На жаль, на падобных зборнях адны і тыя ж людзі, якія добра вядомыя МУС, пастаянна спрабуюць падштурхнуць супрацоўнікаў органаў да мераў цвёрдага рэагавання. Правакатары лічаць сябе прыхільнікамі правоў, але забываюць, што ў грамадзян ёсць яшчэ і абавязкі. Калі гэтыя людзі выйдуць далёка за рамкі закона, міліцыя будзе вымушана ўжыць усе меры, якія прадугледжаны рознымі прававымі актамі», — заявіў Анатоль Куляшоў.

Как вам новость?