КДБ вярнуў АГП два канфіскаваныя камп'ютары

25.03.2011 14:51
Архив Редакция

Супрацоўнікі Камітэту дзяржбяспекі 24 Сакавіка вярнулі два камп'ютарныя сістэмныя блокі, якія былі канфіскаваныя падчас ператрусу ў мінскім офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі 25 снежня. Акрамя таго, сакратарцы партыі Аксане Крышчановіч аддалі канфіскаваную партыйную тэлефонную кніжку.

Ператрус у офісе АГП доўжыўся больш за чатыры гадзіны, у яго ходзе было канфіскавана 36 рэчаў, уключаючы шэсць сістэмных блокаў камп’ютараў, адзін з якіх няспраўны, няспраўны ноўтбук, візітоўніцы, дыскі і агітацыйную прадукцыю кандыдата ў прэзідэнты 2010 года Яраслава Раманчука.

У пастанове аб ператрусе паказвалася, што яго праводзілі па месцы працы Алега Корбана. «Ён з’яўляецца намеснікам старшыні мінскай гарадской арганізацыі АГП і працаваў у офісе з 1 лютага па 1 красавіка 2010 года спецыялістам упраўлення па грамадскіх сувязях выканкама АГП», — патлумачыла Аксана Крышчановіч.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 19 снежня, у Беларусі прайшлі масавыя ператрусы.

Алег Корбан з’яўляўся даверанай асобай экс-кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука, ён быў арыштаваны па «справе 19 снежня», а 7 студзеня вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. 29 студзеня Алега Корбана абралі старшынём моладзевага крыла АГП «Маладыя дэмакраты».

Па матэрыялах сайта партыі АГП, БелаПАН

Как вам новость?