КДБ: заява Міхалевіча аб катаваннях не адпавядае рэчаіснасці

28.02.2011 14:07
Архив Редакция

У Камітэце дзяржаўнай бяспекі Беларусі адмаўляюць інфармацыю аб прымяненні катаванняў у дачыненні да зняволеных следчага ізалятара КДБ, агучаную 28 лютага экс-кандыдатам у прэзідэнты Алесем Міхалевічам. "Што датычыцца прымянення катаванняў, то заява Алеся Міхалевіча адназначна не адпавядае рэчаіснасці", — заявіў кіраўнік цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Аляксандр Антановіч.

Па словах прадстаўніка КДБ, больш падрабязную інфармацыю камітэт прадаставіць пасля таго, як азнаёміцца з заявай экс-кандыдата, перадае БелаПАН.

Як раней паведамляў Тэлеграф, 28 лютага Алесь Міхалевіч, які вылучаўся на пасаду прэзідэнта Беларусі на выбарах,  якія прайшлі ў снежні 2010 года, выступіў з заявай, у якой распавёў пра ўмовы ўтрымання зняволеных у СІЗА КДБ. «КДБ — гэта канцлагер ў цэнтры Мінску», — заявіў палітык, паведаміўшы, што ў СІЗА яго фактычна катавалі.

Алесь Міхалевіч накіраваў сваю заяву з апісаннем ужытых да яго катаванняў у Генеральную пракуратуру Беларусі, а таксама ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Алесь Міхалевіч быў адпушчаны з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе і не мае права выдаваць інфармацыю датычную «справы 19 снежня». Нягледзячы на гэта палітык прыняў рашэнне зрабіць падобную заяву, бо лічыць, што «павінен расказаць аб тым, што адбываецца з затрыманымі і зняволенымі ў СІЗА КДБ».

Как вам новость?