КДБ затрымаў трох карыстальнікаў сацыяльнай сеткі "Вконтакте"

06.06.2011 12:34
Архив

Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі затрымаў трох адміністратараў груп сацыяльнай сеткі "Вконтакте", дзе ўдзельнікі інтэрнэт-супольнасці абмяркоўвалі магчымыя акцыі пратэсту ў Беларусі. Сярод затрыманых - адміністратар групы "За вялiкую Беларусь" Сяргей Паўлюкевіч, адміністратар групы "Рух будучыні" Зміцер Няфёдаў і актывіст Іван Стасюк.

Сяргея Паўлюкевіча затрымалі пасля таго, як ён ініцыяваў акцыю «Марш мільёнаў», прыняць удзел у якой ужо выказалі жаданне каля 40 тыс. карыстальнікаў «Вконтакте». Супрацоўнікі КДБ забралі кампутар затрыманага, пасля чаго выдалілі групу з дапамогай яго захаванага пароля.

Кватэру Дзмітрыя Няфёдава таксама абшукалі (афіцыйная падстава — па справе аб падпале Дома правасуддзя), склалі на маладога чалавека адміністрацыйны пратакол за нецэнзурную размова ў дачыненні да супрацоўнікаў КДБ і выдалілі з адміністратараў групы. За нецэнзурную лаянку маладога чалавека будуць судзіць у судзе Заводскага раёна, перадае «Наша ніва».

Івана Стасюка затрымалі пры спробе выехаць у Польшчу. Памежнікі перадалі затрыманага аператыўнікам КДБ і, у адрозненне ад іншых актывістаў, адпусцілі пасля прафілактычнай гутаркі.

Пасля першых жа затрыманняў некаторыя іншыя адміністратары груп «Вконтакте» вырашылі памяняць «месца дыслакацыі». У прыватнасці, адміністратар групы «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» Андрэй Ткачоў паведаміў у блогу аб тым, што пераехаў на іншую кватэру і працягвае працаваць адтуль.

Міжнароднае моладзевае аб’яднанне «Малады Фронт», зарэгістраванае ў Чэхіі, звярнулася да адміністрацыі сацыяльнай сеткі «Вконтакте» з просьбай аднавіць незаконна выдаленую групу «За вялiкую Беларусь», перадае БелаПАН.

Аднак, як паведамілі адміністратары сацсеткі, поўнае аднаўленне групы і яе кантэнту немагчымае. «Калі Вы лічыце неабходным расследаванне — калі ласка, звярніцеся ў праваахоўныя органы, мы гатовыя супрацоўнічаць з імі пры атрыманні ад іх афіцыйнага запыту», — паведамілі «Маладому Фронту» адміністратары.