КДК: крамы рэалізуюць прадукцыю са скончаным тэрмінам прыдатнасці

12.08.2010 10:02
Архив Редакция

Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі ў першым паўгоддзі 2010 года праверыў 269 крамаў спажыўкааперацыі. Ва ўсіх гандлёвых аб'ектах супрацоўнікі кантралюючых органаў выявілі парушэнні гандлёвага заканадаўства, у тым ліку факты рэалізацыі прадукцыі са скончаным тэрмінам прыдатнасці, паведамілі ў КДК.

Сярод асноўных парушэнняў у камітэце таксама адзначаюць парушэнні санітарных нормаў і правілаў і неадпаведнасць асартыментнага спісу. Так, асартыментны спіс не выконвалі ў кожнай чацвертай праверанай краме. У 70% гандлёвых аб’ектаў супрацоўнікі КДК выявілі і знялі з продажу недабраякасныя тавары. У кожнай чацвертай краме парушаліся санітарныя нормы і правілы.

Так, напрыклад, ва ўсіх 15 правераных крамах спажыўкааперацыі Талачынскага раёна супрацоўнікі КДК выявілі шэраг грубых парушэнняў гандлёвага заканадаўства. У 11 з іх прадавалі тавары са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Аналагічная сітуацыя выяўлена ў Буда-Кашалёўскім райпо. Тут у васьмі правераных гандлёвых аб’ектах з продажу знялі пратэрмінаваных тавараў на суму больш за мільён рублёў. Прычым тэрміны прыдатнасці асобных тавараў скончыліся яшчэ год таму.

КДК выявіў, што райпо і мясцовыя наглядныя органы часта не забяспечваюць належнага кантролю за працай крамаў спажыўкааперацыі. Так, напрыклад, у краме в. Рэчкі Талачынскага раёна прадавалі 19 найменняў тавараў са скончаным да двух гадоў тэрмінамі прыдатнасці. Пры гэтым дадзеную краму сёлета ўжо двойчы правяралі спецыялісты райпо і органаў санітарнага нагляду.

Акрамя таго, супрацоўнікі КДК высветлілі, што ў некаторых аграгарадках (Нягневічы-Харасіца, Любча) не эксплуатуецца значная плошча асобных крамаў (у тым ліку складскія памяшканні). Так, у Наваградскім райпо па стане на 1 чэрвеня 2010 года не эксплуатавалася 58 аб’ектаў (48 сельскіх крамаў, кавярняў, 2 сельскія сталовыя, каўбасны цэх, пякарня, склады і г.д.). Асобныя аб’екты не эксплуатуюцца з 1991 года. Тым не менш, кіраўніцтва райпо не прымае ніякіх мераў па продажы, перапрафіляванні ці іншых аперацыяў з гэтай нерухомасцю. Акрамя таго, у супрацоўнікаў КДК     ёсць прэтэнзіі да тэхнічнага стану многіх дзейных аб’ектаў спажыўкааперацыі.

Как вам новость?
Головоломки