КДК: палова паслуг аўтасэрвісу знаходзіцца ў цені

08.04.2010 13:17
Архив Редакция

Кіраўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Зянон Ломаць паведаміў, што каля паловы паслуг аўтасэрвісу ў краіне знаходзяцца ў ценявым звароце. Па словах старшыні КДК, у выніку гэтага страты бюджэту летась склалі каля 60 млрд. рублёў. "Тэма, якая набіла аскому: паслугамі аўтасэрвісу займаюцца ці ледзь не ўсе запар, а вынікі вельмі слабыя", — сказаў Зянон Ломаць.

Па словах кіраўніка Камітэта дзяржкантролю, у рэспубліцы вельмі высокі попыт на паслугі аўтасэрвісу. У краіне зарэгістравана каля трох мільёнаў аўтатранспартных сродкаў, якія належаць індывідуальным уладальнікам, распавёў Зянон Ломаць.

«Паслугі аўтасэрвісу забяспечваюць больш за тры тысячы станцый тэхабслугоўвання. Летась такіх паслуг праз усе каналы рэалізацыі было аказана на 525,6 млрд. рублёў, што на 16,7% больш у супастаўных коштах да 2008 году. У параўнанні з 2006 годам аб’ём паслуг аўтасэрвісу ў 2009 годзе ўзрос амаль удвая», — цытуе БелТА словы старшыні КДК.

Зянон Ломаць падкрэсліў, што Камітэт разгледзеў сітуацыю з аўтасэрвісам «з пункту гледжання адзнакі кіраўнікоў дзяржаўных структур, якія абавязаны забяспечваць сталы кантроль за ажыццяўленнем дзейнасці ў гэтай сферы бізнэсу». «Робіцца гэта ў рамках папераджальнага кантролю, для забеспячэння эканамічнай бяспекі дзяржавы», — адзначыў кіраўнік КДК.

Ломаць: мы павінны вывесці аўтасэрвіс з ценявой сферы

Кіраўнік Камітэта дзяржкантролю адзначыў, што аўтасэрвіс галоўным чынам засяроджаны ў руках прыватнага бізнэсу, што з’яўляецца звычайным. «Аднак праверкі паказваюць, што ў гэтай сферы маюцца масавыя парушэнні дзейснага заканадаўства. І прыына тут крыецца ў тым, што дзяржаўныя структуры, якія абавязаны кантраляваць, гэтага не робяць», — падкрэсліў Зянон Ломаць.

Па словах кіраўніка КДК, высветленыя факты, калі СТА гадамі існуюць нелегальна, і ніхто гэтага не бачыў. З гэтай нагоды Зянон Ламаць раскрытыкаваў МУС, міністэрства па падатках і зборах, Дзяржстандарт, мінгандлю, МНС, мінтранс, мінздар, мінпрацы і сацабароны, а таксама адпаведныя службы рай- і гарвыканкамаў.

«У некаторых СТА парушэнні набылі масавы характар, — распавёў старшыня Камітэта дзяржкантролю. — Выяўлены аб’ект, дзе 27 дзён не ўключалі касавы апарат. Распаўсюджаныя парушэнні, калі паслугі здзяйсняюцца без адпаведнага сертыфіката. Заработныя платы ў працаўнікоў аўтасэрвісу невялікія, не перавышаюць 300-400 тыс. за месяц».

Па словах Зянона Ломаця, у гэтай сферы «няма сістэмы належнага кантролю ў першую чаргу мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў». «Іх безуважнасць, абыякавасць, бескантрольнасць і прыводзіць да такіх вынікаў», — лічыць кіраўнік Камітэта дзяржкантролю.

У сувязі з гэтым, Зянон Ломаць прапанаваў стварыць міжведамасную камісію, каб аб’яднаць высілкі дзяржорганаў па навядзенні парадку ў сферы аказання гэтых высокапрыбытковых паслуг. «Мы павінны выявіць тут настойлівасць, каб атрымаць вынік, каб вывесці гэты від бізнэсу з ценявой сферы», — падкрэсліў старшыня КДК.

Как вам новость?
Головоломки