Кіеў абвінавачвае Мінск у складанні "чорных спісаў" украінцаў

22.04.2011 17:05
Архив Редакция

Амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Безсмертный заявіў, што афіцыйны Мінск не рэагуе на ноты пратэсту ўкраінскага міністэрства замежных спраў з нагоды забароны на ўезд у Беларусь украінскім грамадзянам. Таксама дыпламат не выключыў, што ўлады Беларусі стварылі "чорны спіс" украінскіх праваабаронцаў.

«Мы яшчэ ўчора перадалі ноту з нагоды ўкраінскай праваабаронцы. Адказу ад беларускага боку не было. Наогул, пачынаючы з 19 снежня мінулага года ўкраінскі бок перадаў беларускаму МЗСу некалькі нот адносна людзей, якіх не пусцілі ў краіну. Ні на адну з нот мы не атрымалі адказ», — цытуе Рамана Безсмертнага «Зеркало недели».

«Мы гэтага спісу не бачылі, але цяпер ужо прасочваецца тэндэнцыя, што беларускі бок абмяжоўвае ўезд людзей, якія маюць дачыненне да міжнародных арганізацыяў па абароне правоў чалавека», — адзначыў украінскі амбасадар у Мінску.

Як раней паведаміў Тэлеграф, за апошнія дні беларускія ўлады забаранілі ўезд у краіну адразу двум украінскім праваабаронцам. У сувязі з забаронай на ўезд у Беларусь Марыне Цапок МЗС Украіны перадаў ноту пратэсту ў пасольства Беларусі ў Кіеве.

Как вам новость?