Керымаў пачаў перамовы аб куплі "Беларуськалія"

28.07.2010 11:02
Архив Редакция

Кіраўніцтва кампаніі «Уралкалий» збіраецца набыць кантрольны пакет «Беларуськалія». Нядаўна адзін з суўладальнікаў расійскай кампаніі Сулейман Керымаў сустракаўся з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Бізнэсовец прапанаваў набыць у рэспублікі за 7,5 млрд. даляраў кантрольны пакет акцыяў «Беларуськалія», паведаміла крыніца, блізкая да аднаго з акцыянераў «Уралкалия».

Па словах супрацоўніка дзяржаўнага банка, з якім Сулейман Керымаў вёў перамовы аб фінансаванні ўгоды, бізнэсовец сапраўды цікавіцца пакупкай акцыяў «Беларуськалія», але гаворка не ідзе аб кантрольным пакеце. Да таго ж беларускія ўлады вельмі дорага ацэньваюць «Беларуськалі» — у 20-30 млрд. даляраў, заявіў банкір, перадаюць «Ведомости».

Аднак, як заявіў прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Павел Лёгкі, прэзідэнт у апошні час не сустракаўся з расійскімі бізнэсоўцамі і не абмяркоўваў продаж «Беларуськалія». Акрамя таго, на думку аналітыка Unicredit Securities Марата Габітава, праз канфлікт паміж Беларуссю і Расіяй «Уралкалий» наўрад ці зможа купіць акцыі «Беларуськалія» без палітычнага рашэння на самым высокім узроўні.

Акрамя пакупкі «Беларуськалія», Сулейман Керымаў вядзе перамовы аб набыцці кантрольнага пакету акцыяў іншай, ужо расійскай, калійнай кампаніі — «Сильвинит». Як заяўляе аналітык ING Аляксандр Мельнікаў, У выпадку поспеху абодвух пагадненняў паўстане найбуйнейшая ў свеце калійная кампанія, сукупная магутнасць якой складзе 20 млн. тон на год. Сучасны лідар Potash Corp вырабляе 15 млн. тон.

Як раней паведамляў Тэлеграф, першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка, адказваючы на пытанні парламентарыяў заявіў, што ўрад мае намер атрымаць шэсць-сем мільярдаў даляраў ад продажу акцыяў «Беларуськалія». Пры гэтым намеснік кіраўніка ўрада падкрэсліў, што кантрольны або блакіровачны пакет акцыяў нікому аддадзены не будзе.

«Беларуськалі» кантралюе 15% сусветнага экспарту калійных угнаенняў. Эксклюзіўным прадаўцом яго прадукцыі з’яўляецца Беларуская калійная кампанія (БКК), якой «Беларуськалі» валодае сумесна з расійскай кампаніяй «Уралкалий» на парытэтных пачатках.

Как вам новость?
Головоломки