"Кінавідэапракат": у Мінску "Аватар" паглядзелі 400 тыс. чалавек

10.03.2010 16:27
Архив Редакция

У Мінску «Аватар» пакуль не абыйшоў па наведвальнасці фільм-катастрофу «Тытанік», паведаміў генеральны дырэктар УП «Кінавідэапракат» Васіль Коктыш. Паказ першай цалкам трохмернай кінастужкі пачаўся ў сталіцы 17 снежня мінулага года. За мінулы час яе паглядзелі каля 400 тыс. гледачоў, у той час як «Тытанік» – каля 500 тыс. чалавек

«Калі ў снежні «Аватар» быў на трэцім месцы па наведвальнасці, дык у бягучым годзе – безумоўны лідар», — падкрэсліў кіраўнік «Кінавідэапракату». Рэжысёрам абодвух фільмаў з’яўляецца амерыканец Джэймс Кэмеран, нагадвае БелТА.

Працягваючы тэму трохмернага кіно, Васіль Коктыш распавёў, што з 7 да 18 сакавіка ў «Кіеве» – першым у Беларусі лічбавым кінатэатры – ідзе паказ карціны «Аліса ў краіне цудаў». Далей мінчукі ўбачаць першы расійскі фільм «Зорныя сабакі Белка і Стрэлка» (праўда, ён не зняты па тэхналогіях 3D, а пераведзены ў трохмернае кіно) і кампутарны мультфільм «Як прыручыць цмока» (на рускай мове герояў агучваюць Аляксандр Рыбак і Міхаіл Баярскі).

Кароткія тэрміны праката Васіль Коктыш растлумачыў цвёрдымі патрабаваннямі праваўладальнікаў карцін паказваць іх адначасова з сусветнай прэм’ерай. «У сусветным пракаце летась выпушчана каля 80 фільмаў, знятых у 3D-тэхналогіях. Гэты досыць вялікая колькасць фільмаў для адной кіназалы ў «Кіеве», якая разлічаны на 280 месцаў. Вядома, «Аватар» і далей збіраў бы гледачоў, але праваўладальнік «Алісы ў краіне цудаў» не дазволіў далей працаваць з «Аватарам», — адзначыў гендырэктар.

Тэрміны паказу «Алісы ў краіне цудаў» у 3D падоўжылі

Разам з тым ён паведаміў, што з-за ажыятажу на «Алісу ў краіне цудаў» «Кінавідэапракат» знайшоў магчымасць падоўжыць паказ стужкі да сёмага красавіка. Ужо падпісана дадатковае пагадненне. Да гэтага часу будуць дэманстраваць таксама карціны «Зорныя сабакі Белка і Стрэлка» і «Як прыручыць цмока». Восьмага красавіка іх зменяць не менш відовішчныя «Бітва тытанаў» і «Шрэк назаўжды».

Васіль Коктыш таксама распавёў, што мінчукі ўбачаць амерыканскую драму пра вайну ў Іраку «Ўладар буры», якая названа Амерыканскай акадэміяй кінамастацтваў лепшым фільмам 2009 года. Паказ фільма-ўладальніка прэміі «Оскар» пачнецца ў Доме кіно 15 красавіка і падоўжыцца тыдзень.
 

Как вам новость?
Головоломки