Колькасць ахвяр выбуху ў Пінску дасягнула пяці чалавек

29.10.2010 12:40
Архив Редакция

У Мінску ў Рэспубліканскім апёкавым цэнтры 28 кастрычніка ад атрыманых апёкаў памерла яшчэ адна пацярпелая падчас выбуху і пажару на заводзе "Пінскдрэў-ДСП". Пра гэта паведаміў галоўны лекар Мінскай гарадской лякарні хуткай медыцынскай дапамогі Віктар Сірэнка. Такім чынам, колькасць ахвяр трагічнага здарэння ў Пінску дасягнула пяці чалавек.

У цяперашні час у мінскай лякарні хуткай дапамогі на лячэнні застаецца яшчэ дзевяць чалавек: двое пацярпелых — у аддзяленні апёкавага цэнтру, сем — у рэанімацыі. Шэсць чалавек знаходзяцца ў вельмі цяжкім стане, стан яшчэ аднаго пацыента дактары ацэньваюць як цяжкі, перадае БелТА.

На лячэнні ў Пінску застаюцца яшчэ двое пацярпелых. У апёкавым аддзяленні знаходзіцца мужчына ў вельмі цяжкім стане. Раней планавалася перавесці пацыента ў Берасце, аднак гэтае рашэнне адмянілі ў сувязі з тым, што пацыент цяпер не транспартабельны. Яшчэ адна жанчына знаходзіцца ў нейрахірургічным аддзяленні бальніцы. Яе стан палепшыўся, і 29 кастрычніка медыкі плануюць выпісаць яе дадому.

Яшчэ пяць пацярпелых знаходзяцца ў Берасцейскай абласной лякарні. Як паведаміў галоўны лекар бальніцы Аляксандр Карпіцкі, аднаго з пацярпелых медыкі збіраюцца перавезці ў Мінск, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

«Лепш пакуль што нікому не стала. Ні лепш, ні горш. Пакуль усё прыкладна ў аднолькавым стане — цяжкія хворыя. Напэўна, аднаго хворага, калі атрымаецца, будзем пераводзіць у Мінск», — растлумачыў галоўны лекар.

Кіраўніцтва «Пінскдрэва» аказала дапамогу сем’ям загінулых з асабістых сродкаў

Разам з тым, як стала вядома журналісту Тэлеграфа, кіраўніцтва ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» прапанавала сваякам і блізкім пацярпелых дапамогу ў аказанні транспартных паслуг па праездзе ў Берасце і Мінск, дзе ахвяры пажару праходзяць лячэнне.

Як паведамілі на прадпрыемстве, генеральны дырэктар кампаніі «Пінскдрэў» сумесна з Саветам дырэктараў холдынгу з асабістых сродкаў сабралі грашовую суму, якую перадалі ў якасці дадатковай дапамогі сем’ям загінулых пры выбуху.

Сумар: «Пінскдрэў» павінен пагасіць даўгі загінулых працаўнікоў

У сваю чаргу старшыня берасцейскага аблвыканкама Канстанцін Сумар заявіў, што мае намер дамагацца, каб «Пінскдрэў» узяў на сябе абавязацельствы па выплаце крэдытаў загінулых прадстаўнікоў прадпрыемства, перадае Ale.by.

Канстанцін Сумар лічыць гэта справядлівым рашэннем, бо сем’і загінулых пазбавіліся карміцеляў, а па законе, пасля смерці працаўнікоў гэтыя крэдыты павінны вяртаць іх сем’і.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, сама трагедыя здарылася 25 кастрычніка. Па факце выбуху на заводзе ў Пінску пракуратура Берасцейскай вобласці ўзбудзіла крымінальную справу па ч.2 арт.302 УК РБ (парушэнне правілаў бяспекі на выбуханебяспечным прадпрыемстве). Сем’ям загінулых, а таксама і пацярпелым будуць выплачаны грашовыя кампенсацыі (па дзесяць мільёнаў рублёў, пацярпелым — па тры мільёны рублёў).

Как вам новость?
Головоломки