Колькасць расійцаў у Беларусі скарацілася на траціну

02.11.2010 14:29
Архив

Па дадзеных перапісу насельніцтва Беларусі, які прайшоў у кастрычніку 2009 года, доля расійскага насельніцтва, якое пражывае ў Беларусі, за дзесяць гадоў скарацілася на 3% і склала 8,3% (785 тыс. чалавек). У літаральным вылічэнні расійцаў стала менш на 356 тыс. чалавек, гэта значыць практычна на траціну. Таксама за гэты час у Беларусі істотна паменшылася колькасць габрэяў (у 2,2 раза), украінцаў (на траціну) і цыганоў (на 29%).

У Нацыянальным статыстычным камітэце Беларусі адзначылі, што скарачэнне абсалютнай колькасці прадстаўнікоў самых шматлікіх нацыянальнасцяў Беларусі, так жа сама як і насельніцтва краіны ў цэлым, звязана з натуральным змяншэннем насельніцтва, а таксама з міграцыйным адтокам.

У цэлым жа па дадзеных перапісу насельніцтва на тэрыторыі Беларусі пастаянна пражывалі прадстаўнікі каля 140 нацыянальнасцяў і народнасцяў. Да палякаў сябе аднеслі 3% насельніцтва Беларусі, 1,7% аднеслі сябе да ўкраінцаў. У дзясятку найбольш шматлікіх нацыянальнасцяў Беларусі таксама ўвайшлі армяне, татары, азербайджанцы і літоўцы.

Адначасова з гэтым міграцыйныя працэсы прывялі да істотнага росту колькасці прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Так, у параўнанні з 1999 годам колькасць кітайцаў, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі, вырасла больш чым у 20 разоў, арабаў — у 2,7 раза, туркменаў — у 2,3 раза. Доля прадстаўнікоў гэтых нацыянальнасцяў у агульнай колькасці насельніцтва краіны пакуль нязначная.

У той жа час доля беларусаў у агульным складзе насельніцтва краіны таксама вырасла — на 2,5% у параўнанні з перапісам 1999 года. З 9,5 млн. чалавек, якія пражываюць у Беларусі, больш 7,9 млн. чалавек (гэта значыць 83,7%) з’яўляюцца беларусамі.

У Белстаце таксама адзначылі, што нацыянальны склад насельніцтва асобных абласцей Беларусі адрозніваецца ад рэспубліканскага. Так, у Берасцейскай і Мінскай абласцях пяцёрку найбольш шматлікіх нацыянальнасцяў замыкаюць не габрэі, а армяне, у Гарадзенскай вобласці — літоўцы.

Варта адзначыць, што пры правядзенні перапісу насельніцтва адказы на пытанне аб нацыянальнасці запісваліся са слоў рэспандэнтаў па іх жаданні і самавызначэнні. Нацыянальнасць дзяцей вызначалі бацькі. У формы перапіснога ліста ўносіліся ўсе назвы нацыянальнасцяў і этнаграфічных груп, уключаючы агульнапрынятыя і саманазвы.