Колькасць выхаванцаў дзіцячых дамоў у Беларусі скарацілася на 40%

17.11.2010 09:59
Архив Редакция

За 2005-2010 гады ў Беларусі колькасць дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў для дзяцей-сірот скарацілася больш чым на 20%, колькасць выхаванцаў у іх — на 40%. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай працы міністэрства адукацыі Юры Емяльяненка. Паводле яго слоў, за мінулыя пяць гадоў на выхаванне прыстроілі больш за 22 тыс. дзяцей-сірот.

Як паведаміў Юры Емяльяненка, у 2010 годзе ў сем’ях выхоўвалася больш за 65% дзяцей-сірот, тады як у 2005 годзе толькі 51%. У Гомельскай, Гарадзенскай і Мінскай абласцях на працягу года замяшчальныя сем’і знаходзяцца для 82-87 дзяцей на кожных 100 дзяцей, якія страцілі бацькоў, перадае БелаПАН.

Акрамя таго, па словах, чыноўніка, у Беларусі ўзрасла колькасць ўсынаўленняў дзяцей беларускімі грамадзянамі. У прыватнасці, у 2009 годзе беларускія сем’і ўсынавілі на 59% дзяцей больш, чым у 2005 годзе, колькасць жа дзіцячых дамоў сямейнага тыпу павялічылася за пяць гадоў з 57 да 146.

Таксама паменшылася колькасць бацькоў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў. «Дзякуючы ранняму выяўленню сямейных праблемаў і мэтанакіраванай працы па захаванні сем’яў у 1,7 раза зменшылася колькасць дзяцей, адабраных у бацькоў у сувязі з рашэннем суда аб пазбаўленні іх бацькоўскіх правоў; больш за паўтары тысячы дзяцей вернуты бацькам, адноўленым па судзе ў бацькоўскіх правах», — паведаміў Юры Емяльяненка.

Как вам новость?